Новае даследаванне, якое выкарыстала не зусім звычайную камбінацыю дадзеных пра міграцыю з геалакатараў і рэлакацыю самак і кладак з адной краіны на гнёзды ў іншай, паказала, што не толькі асаблівасці генатыпа, але і індывідуальнага развіцця вызначаюць дзе будзе зімаваць канкрэтная пярэстая валасяніца.
У 2017 г. вялікая каманда навукоўцаў з Гішпаніі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Швецыі, Нарвегіі і Расіі распачала маштабнае даследаванне пярэстых валасяніц (Ficedula hypoleuca) з 8 папуляцый, якія знаходзяцца ад Гішпаніі да Заходняй Сібіры. З дапамогай мініятурных геалакатараў было знойдзена, што негледзячы на адлегласць у некалькі тысяч км паміж імі, птушкі з усіх даследаваных папуляцый ляцелі на зімоўку тым самым шляхам праз усю Еўропу да Іберыйскага паўвострава, адкуль пераляталі ў Заходнюю Афрыку ўздоўж афрыканскага ўзбярэжжа (або праз Канарскія астравы) і далей безперапынным палётам ляцелі прыкладна 40 гадзін праз Сахару.
Пасля гэтага частка птушак заставалася на зімоўку ў Заходняй Афрыцы, а частка перамяшчалася адтуль усё далей ва ўсходнім кірунку. Птушкі з Заходняй Сібіры ў рэшце рэшт зімавалі найдалей на ўсход за іншых (у Нігерыі або Цэнтральна-Афрыканскай рэспубліцы) і такім чынам пад час восеньскай міграцыі пераадольвалі адлегласць амаль ў 13 тысяч км. Усяго ж зімовы арэал віда расцягваецца на 4 тысячы км і агулам нагадвае размяшчэнне птушак на гнездаванні ў Еўразіі: прадстаўнікі найбольш заходніх папуляцый зімуюць на яго захадзе, найбольш усходнія - на ўсходзе, а ўсе іншыя паміж імі і ў залежнасці ад месца гнездавання бліжэй да першых ці другіх.
Аднак найбольш цікавая і нечаканая заканамернасць была знойдзена пад час вясновай міграцыі віда - птушкі з неіберыйскіх папуляцый вярталіся на месцы гнездавання зусім іншым і нашмат карацейшым шляхам праз Сахару і Міжземнае мора ў Еўропу і далей на усход або паўночны усход.
Koosje Lamers, першы сааўтар публікацыі па выніках даследавання, лічыць, што восеньскі, для многіх валасяніц абыходны міграцыйны шлях, з’яўляецца эвалюцыйнай спадчынай з часоў, калі ледавік пакрываў большую частку сучаснага арэала віду і валасяніцы былі распаўсюджаны толькі ў невялікай частцы Заходняй Еўропы і ў Афрыцы.
Каб больш дакладна праверыць ці міграцыйны шлях з’яўляецца генетычна вызначаным ці вывучаным, даследчыкі прадумалі і правялі не зусім звычайны эксперымент. Яйкі, адкладзеныя валасяніцамі ў Нідэрландах, адвезлі і падклалі самкам у Швецыі, а ў іншай частцы доследу адлавілі нідэрландзкіх самак і дзякуючы першапачатковаму ўтрыманню дзікіх птушак на абгарожанай прыроднай тэрыторыі, яны стварылі змешаныя з мясцовымі самцамі пары.
Пасля адсочвання птушанят з перамешчаных кладак атрымалася, што яны зімавалі дакладна пасярэдзіне паміж вызначанымі раней месцамі зімоўкі валасяніц са Швецыі і Нідэрландаў. Тады як птушаняты ад змяшаных пар зімавалі троху бліжэй да ‘чыста шведзкіх’ птушак.
Такім чынам атрымліваецца, што генетычна абумоўлены маршрут і месца зімоўкі могуць нейкім чынам змяняцца ў залежнасці ад онтагенеза - асаблівасцяў індывідуальнага развіцця асобіны. І гэта дае надзею на тое, што змены клімата могуць праз нейкі час суправаджацца зменамі месцаў гнездавання і зімоўкі і новымі шляхамі міграцыі да іх.
Крыніца: Lamers K. P. et al. 2026. Translocation reveals that genes and ontogeny determine nonbreeding areas of migrant songbirds. Science. DOI: 10.1126/science.ads0532
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак пярэстай валасяніцы Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Новыя рэкорды: пячураўкі-будаўнічкі з Далёкага Усходу ляцяць на зімоўку ў Афрыку 13 тысяч км!
НЕКАТОРЫЯ ПАЛЯВЫЯ ПАДКАМЕНКІ ВАНДРУЮЦЬ ЯШЧЭ ДАЛЕЙ, ЧЫМ МЕРКАВАЛАСЯ
АДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК
За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў
Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы
Рэкордны ўзрост пярэстай валасяніцы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ