Сенсацыйны пераадлоў адбыўся нядаўна ў Вялікабрытаніі. Птушанё пярэстай валасяніцы (Ficedula hypoleuca), акальцаванае ў лесе каля возера Vyrnwy ў 1996 годзе, было сёлета зноў злапанае як жывая і здаровая самка ў гнездавой скрыні каля Clocaenog, графства Denbighshire ва Ўэльсе.
Птушка гнездавала ў лесе ў 20 мілях ад месца нараджэння і была знойдзена кальцавальнікамі з Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology (BTO)) сёлета ў мае. Такім чынам, яна пражыла практычна 16 год з 22 чэрвеня 1996 г., калі была акальцаваная. Паводле базы дадзеных ВТО, у якой сабраныя звесткі па кальцаванню птушак за апошнія больш 100 год, гэта новы рэкорд па працягласці жыцця для гэтага віду. Папярэдні рэкорд быў нашмат меншы – 9 гадоў і 7 дзён.
Пітэр Бэйч (Peter Bache), які акальцаваў валасяніцу-рэкардсменку і займаецца гэтай справай апошнія 25 год, сказаў: “Я закальцаваў гэтую птушку ў 1996 годзе і не магу паверыць, што яна ўсё яшчэ ў выдатнай форме і ўсё яшчэ размнажаецца. Гэта вялікае дасягненне для такой маленькай птушкі.”
Пярэстыя валасяніцы добра вядомыя сваёй прывязаннасцю да месца гнездавання, але самкі звычайна выбіраюць паміж самцамі з суседніх гнездавых участкаў. Ў птушак выразны полавы дымарфізм, птушкі з Уэльсу зімуюць у Заходняй Афрыцы. Такі паважны ўзрост для невялікай вераб’інай птушкі не толькі дэманструе вельмі высокую ступень выжывальнасці, але і выдатнае пацверджанне пачуцця хомінгу.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.aves.is
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ