Дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій і прылад для вывучэння міграцыі птушак, у апошняе дзесяцігоддзе мы змаглі шмат давецца пра асаблівасці пералётаў розных відаў. Аднак тое, што нават параўнальна невялікія птушкі могуць паспяхова пераадольваць пад час сваіх сезонных міграцый адлегласці да 13 тысяч км у адзін бок, не можа не здзіўляць. Паводле атрыманых з дапамогай геалакатараў дадзеных, пячураўкі-будаўнічкі (Phylloscopus trochilus yakutensis) (вагой каля 10 г !) з Далёкага Усходу Расіі паспяхова далятаюць ажно да Мазамбіку.
Сезонныя міграцыі птушак з Арктыкі ці ўмеранага кліматычнага пояса утварыліся параўнальна нядаўна – каля 10-15 тысяч гадоў таму – пасля сыходу апошняга ледавіка. Невялікія памерамі вераб’іныя птушкі ляцяць на месца зімоўкі адпаведна з закадаванай праграмай пералёту, якая ўключае неабходны час (даты), запасы энергіі (тлушчу) і шляхі. Аднак дагэтуль застаецца невядомым з дапамогай якога навігацыйнага механізму ці механізмаў яны вызначаюць адпаведнасць свайго палёту неабходнаму на мясцовасці.
Каб зразумець якімі магчымымі навігацыйнымі механізмамі насамрэч карыстаюцца далёкадыстанцыйныя мігранты, міжнародная каманда навукоўцаў забяспечыла мініятурнымі геалакатарамі некалькі самцоў пячураўкі-будаўнічка з усходняй мяжы распаўсюджання віду. Пасля таго, як трох птушак атрымалася пераадлавіць на месцах гнездавання і спампаваць з геалакатараў запісаныя на іх дадзеныя, арнітолагі таксама параўналі сапраўдныя шляхі міграцыі з іх сімуляцыямі – адпаведна розным сістэмам магчымай навігацыі птушак.
Усе тры самцы, ад якіх былі атрыманыя дадзеныя, абралі вельмі падобныя шляхі пралёту да канчатковых месцаў зімоўкі ў паўднёвай Танзаніі ці паўночным Мазамбіку (гл. мапу) не толькі ў выбары месцаў адпачынку, але і агульным часе міграцыі. Аднак ніводная з сімуляцый навігацыі не змагла растлумачыць сапраўдны шлях да першага месца адпачынку птушак у Паўднёва-Заходняй Азіі або да месцаў зімоўкі ў Паўднева-Усходняй Азіі.
Пасля прылёту пячуравак на канчатковае месца зімоўкі (адпаведна 20.11, 12 і 17.12) яны праляцелі больш 13 тысяч км ад месцаў гнездавання, дзе былі адлоўленыя. Шкада, што акумулятары геалакатараў цалкам адключыліся ў канцы студзеня і прасачыць далейшыя перамяшчэнні птушак не атрымалася.
Штосуткі птушкі праляталі ад 178 да 286 км, прычым адна з пячуравак зрабіла прыпынак на 3-4 дні, але іншыя не прыпыняліся больш, чым на 1 дзень пакуль не даляцелі да Паўднёва-Заходняй Азіі. Такім чынам атрымалася таксама ацаніць, што паміж 22 і 36% часу штодня птушкі менавіта ляцелі ў бок зімоўкі. І сярэдняя хуткасць без ветру пад час пералётаў складала у сярэднім 9,5 м у секунду.
Каб атрымаць больш інфармацыі пра магчымыя механізмы навігацыі птушак пад час міграцыі, патрэбныя далейшыя даследаванні.
Крыніца:
Kristaps Sokolovskis, Giuseppe Bianco, Mikkel Willemoes, Diana Solovyeva, Staffan Bensch and Susanne Åkesson (2018) Ten grams and 13,000 km on the wing – route choice in willow warblers Phylloscopus trochilus yakutensis migrating from Far East Russia to East Africa
Movement Ecology 2018 6:20 https://doi.org/10.1186/s40462-018-0138-0
Паводле www.movementecologyjournal.biomedcentral.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Andrzej Smolinski
На гэтую тэму:
ЭПІЧНЫЯ МІГРАЦЫІ НАД АКІЯНАМ ПАЦВЕРДЖАНЫЯ ДЛЯ ЯШЧЭ АДНАГО ВІДУ ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК
Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных
Дробны не значыць слабы: вераб’іныя птушкі могуць ляцець вельмі высока
НЕКАТОРЫЯ ПАЛЯВЫЯ ПАДКАМЕНКІ ВАНДРУЮЦЬ ЯШЧЭ ДАЛЕЙ, ЧЫМ МЕРКАВАЛАСЯ
АДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК
За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў
Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы
Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных
МІГРАЦЫІ ПТУШАК І ВЯЛІКІЯ ЛІЧБЫ: НЕКАТОРЫЯ ЗДЗІЎЛЯЮЧЫЯ ФАКТЫ І ВЫСНОВЫ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ