Дзякуючы выкарыстанню метэаралагічных радараў са 143 станцый (якія размешчаныя па ўсёй кантынентальнай частцы ЗША) і кампутарнага мадэлявання, атрымалася параўнальна дакладна падлічыць колькасць мігрыруючых над паўночнаамерыканскім кантынентам птушак. Параўнанне лічбы тых, што ляцяць на зімоўку з тымі, якія потым вяртаюцца на месцы гнездавання, прывяло навукоўцаў да даволі нечаканых высноў наконт выжывальнасці мігрыруючых птушак.
Сучасныя радары для прадказання надвор’я даюць магчымасць даволі дакладна падлічваць параўнальна невялікія памерам аб’екты ў паветры і ўдзень, і ўначы на вышыні, на якой звычайна ляцяць пералётныя птушкі. Сабраныя у 2013-17 гг. такім чынам дадзеныя былі выкарыстаня навукоўцамі з Cornell Lab of Ornithology (ЗША) і потым адпаведным чынам экстрапаліраваныя на ўсю тэрыторыю Паўночнай Амерыкі.
"Атрымалася, што кожную восень у сярэднім 4 мільярда асобін птушак пералятаюць мяжу паміж Канадай і ЗША. У той самы час іншыя 4,7 мільярда птушак ляцяць праз нашу паўднёвую мяжу на месцы зімоўкі ў тропіках” – сказаў Эдріан Доктэр (Adriaan Dokter), аспірант лабараторыі арніталогіі Карнельскага ўніверсітэту. “Вясной да нас вяртаюцца ў сярэднім 3,5 мільярда птушак праз паўднёвую мяжу, тады як праз паўночную мяжу з Канадай адлятаюць на поўнач 2,6 мільярда асобін”.
Такім чынам – як і чакалася – пасля зімоўкі вяртаюцца далёка не ўсе. Вядома, што частка маладых птушак можа заставацца на месцах зімоўкі і не вяртацца на патэнцыйныя месцы гнездавання да дасягнення полавай спеласці, аднак яўная большасць тых, што не вярнуліся, усё ж гіне пад час міграцыі і зімоўкі. Аднак здзівіла даследчыкаў не гэта, а параўнанне узроўню смяротнасці відаў, якія зімуюць у тропіках і ва ўмераным клімаце. Аказалася, што першыя вяртаюцца з сярэдняй доляй у 76%, а другіх вяртаецца толькі ў сярэднім 64%.
"Насуперак папярэднім уяўленням, птушкі, якія зімуюць у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, выжываюць там і пад час міграцыі лепш, чым тыя, што зімуюць у ЗША” – сказаў Эндр’ю Фансуорф (Andrew Farnsworth), сааўтар даследавання і публікацыі. “І гэта негледзячы на тое, што пералётныя птушкі пераадольваюць пад час міграцыі ў тропікі ў 3-4 разы большыя адлегласці штогод”.
Калі арнітолагі параўналі вядомыя з іншых даследаванняў асноўныя паказчыкі размнажэння доўгадыстанцыйных мігрантаў (якія ляцяць на зімоўку ў тропікі) і блізкадыстанцыйных (якія ляцяць на зімоўку ў ЗША) аказалася, што першыя дзякуючы лепшай выжывальнасці маюць магчымасць мець меншую колькасць птушанят, тады як прадстаўнікі другой групы вымушаныя мець большае патомства з-за большай смяротнасці.
"Атрымліваецца, што далёкадыстанцыйныя мігранты больш адчувальныя да некарысных зменаў на месцах зімоўкі ў тропіках і на месцах іх масавага адпачынку на пралёце да іх. Любыя негатыўныя змены там адразу зменшаць іх гняздуючыя ў нас папуляцыі” – сказаў Доктэр.
Крыніца:
Adriaan M. Dokter et al, Seasonal abundance and survival of North America's migratory avifauna determined by weather radar, Nature Ecology & Evolution (2018). DOI: 10.1038/s41559-018-0666-4
Амерыканскія паласатахвостыя галубы (Patagioenas fasciata) на здымку Ўладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
АДЛЯТАЦЬ ЦІ ЗАСТАВАЦЦА НА ЗІМУ "ВЫРАШАЕ" ГЕНАТЫП ПТУШКІ?
Міграцыі ўкарачваюць жыццё птушак
Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?
Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру
eBird атрымала ўзнагароду ад American Bird Conservancy
Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый
ЭПІЧНЫЯ МІГРАЦЫІ НАД АКІЯНАМ ПАЦВЕРДЖАНЫЯ ДЛЯ ЯШЧЭ АДНАГО ВІДУ ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК
НЕЧАКАНА: ТЫЯ Ж САМЫЯ ВЯСКОВЫЯ ЛАСТАЎКІ ЛЯЦЯЦЬ ЗУСІМ РОЗНЫМІ ПРАЛЁТНЫМІ ШЛЯХАМІ УВОСЕНЬ І ВЯСНОЙ
РЭВАЛЮЦЫЯ Ў МАГЧЫМАСЦЯХ: МІЖНАРОДНАЯ СІСТЭМА САЧЭННЯ ЗА ПЕРАМЯШЧЭННЯМІ ПТУШАК І ІНШЫХ ЖЫВЁЛ ICARUS НАРЭШЦЕ ЗАПРАЦУЕ?
EuroBirdPortal прадставіў шыкоўную версію візуалізацыі дадзеных па птушках Еўропы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ