Нядаўна былі апублікаваныя звесткі пра тое, што жыццё ў горадзе скарачае патэнцыйную працягласць жыцця птушак. І вось новая знаходка – стрэс, які птушкі адчуваюць пад час штогадовых міжкантынентальных міграцый прыводзіць да хутчэйшага старэння і патэнцыйна хутчэйшай гібелі. Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі з ЗША ў публікацыі, якая з’явілася ў часопісе The Auk: Ornithological Advances.
Параўнанне даўжыні целамераў – структур на канцах храмасом, якія скарачаюць сваю даўжыню з часам і сведчаць аб біялагічным узросце арганізма - паміж прадстаўнікамі аднаго віду, якія мігрыруюць і застаюцца на зіму ў месцах гнездавання паказала, што ў пералётных птушак таго ж узросту целамеры карацейшыя.
Сезонныя міграцыі дазваляюць птушкам гнездаваць там, дзе шмат адпаведнай для іх ежы з’яўляецца вясной і летам і пазбягаць праблем з амаль бяскормнымі восенню і зімой. Аднак далёкія міграцыі - няпростая для птушак справа і за перавагі, якія птушкі атрымліваюць пад час гнездавання у паўночным паўшар’і ім прыходзіцца плаціць павялічанай смяротнасцю пад час пералётаў на месцы зімоўкі і вяртання на месцы гнездавання.
Каролайн Баўэр (Carolyn Bauer) з калегамі з універсітэту Паўночнай Дакоты (ЗША) параўналі целамеры (ўчасткі ДНК, якія не кадзіруюць інфармацыю аб бялках, але абараняюць храмасомы ад пашкоджанняў і ўкарачваюцца пад час дзяленняў клеткі і з-за стрэсу) у мігрыруючых і аселых прадстаўнікоў аднаго віду – чорнавокага юнка (Junco hyemalis). Навукоўцы знайшлі, што целамеры ў птушак таго ж узросту значна карацейшыя менавіта ў тых птушак, якія мігрыравалі ў параўнанні з тымі, якія заставаліся на той самай тэрыторыі круглы год. Такія вынікі могуць сведчыць пра тое, што пералётныя птушкі старэюць хутчэй і такі лад жыцця прыводзіць да значнага стрэсу, які і укарачвае целамеры і патэнцыйную працягласць жыцця.
"Пад час кожнага дзялення любой клеткі ў нашым арганізме, мы страчваем частку ДНК на канцах храмасом. Гэтыя канцавыя некадуючыя інфармацыю ахоўныя ўчасткі і ёсць целамерамі. Калі яны становяцца нейкай вызначанай даўжыні, клетка не можа больш дзяліцца і памірае” – сказала Баўэр. “Важна падкрэсліць, што ўдзеянне стрэса таксама вядзе за ўкарачвання целамер.”
У сваім даследаванні Баўэр з калегамі параўноўвалі кроў ад 11 пералётных і 21 аселых юнка з Вірджыніі. Каб розны каляндарны ўзрост птушак не перашкодзіў у параўнанні, генетычны матэрыял браўся толькі ад птушак аднаго, гадавога, ўзросту.
Калі міграцыі прыводзяць да такога значнага стрэсу, чаму птушкі не адмаўляюцца ад іх? Хутчэй за ўсё негатыўныя кошты міграцыі кампенсуюцца лепшымі рэпрадуктыўнымі паказчыкамі на поўначы.
Далейшыя даследаванні павінны цяпер выявіць магчымую залежнасць даўжыні целамер ад працягласці (і даўжыні) міграцыі.
Крыніца:
Bauer C M, Heidinger B J, Ketterson E D & Greives T J. 2016. A migratory lifestyle is associated with shorter telomeres in a songbird (Junco hyemalis). The Auk: October 2016, Vol. 133, No. 4, pp. 649-653. doi:http://dx.doi.org/10.1642/AUK-16-56.1
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.theethogram.com
На гэтую тэму:
ГОРАД ЎКАРАЧВАЕ ПАТЭНЦЫЙНУЮ ПРАЦЯГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ ПТУШАК
ЗА ЭПІЧНЫЯ МІГРАЦЫІ ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК АДКАЗВАЕ НЕВЯЛІКІ КЛАСТЭР ГЕНАЎ
Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый
Ці ўсе вераб’іныя пралятаюць Сахару найкарацейшым шляхам?
Новыя рэкорды куліка-каменешаркі
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ