Адлятаць ці заставацца на зіму "вырашае" генатып птушкі?

У апошнія гады мы ўсё больш і больш даведваемся пра асаблівасці міграцыі розных відаў птушак ці пра гэтую з'яву ўвогуле. Аднак дагэтуль вельмі мала вядома пра т.зв. "частковую міграцыю" ("рartial migration"), калі некаторыя птушкі з адной папуляцыі пералятаюць на зіму ў іншыя месцы, а некаторыя - застаюцца. Таму нядаўняе даследаванне, прысвечанае вывучэнню частковай міграцыі ў амерыканскіх варон  (Corvus brachyrhynchos), прыадкрывае магчымыя заканамернасці гэтай з'явы не толькі ў гэтага віду.

 Андрэа Таўнсэнд (Andrea Townsend) і яе калегі з Hamilton College лавілі варон у розных гарадах і штатах ЗША: Utica (Нью Йорк) і Davis (Каліфорнія), забяспечвалі іх спадарожнікавымі перадатчыкамі каб дакладна адсочваць іх перамяшчэнні, а таксама бралі пробы крыві і пер'е. 


Атрыманыя дадзеныя паказалі, што 73% варон з захаду ЗША і 86% з усходу адлятаюць на зіму з месцаў гнездавання на сярэднюю адлегласць у 500 км. Птушкі заставаліся вернымі сваім месцам гнездавання і вярталіся на іх штогод, акрамя гэтага, тыя ж самыя птушкі не змянялі сваёй стратэгіі міграцыі (адлятаць ці заставацца) ў незалежнасці ад умоваў навакольнага асяроддзя. Г. зн., што магчыма, міграцыйныя паводзіны ўсё ж вызначаюцца генетычна. Аднак тыя, хто адлятаў на зімоўку, маглі мігрыраваць у розныя гады на розную адлегласць і зімаваць у розныя зімы ў розных месцах - былі пластычныя ў гэтым аспекце.

"Вельмі здзіўляе, як мала мы ведаем пра сезонныя перамяшчэнні большасці частковых мігрантаў" - сказала Эмілі Коэн (Emily Cohen) з Smithsonian Migratory Bird Center, эксперт па міграцыях птушак, якая не ўдзельнічала ў гэтым даследаванні. "Падобная інфармацыя пра штогадовыя перамяшчэнні, залежныя ад папуляцый, збіраецца дастаткова цяжка, але яна неабходная  каб зразумець фундаментальныя аспекты экалогіі і эвалюцыі птушак".

Крыніца:

Andrea K. Townsend, Blaire Frett, Anne McGarvey, Conor C. Taff. Where do winter crows go? Characterizing partial migration of American Crows with satellite telemetry, stable isotopes, and molecular markers. The Auk, 2018; 135 (4): 964 DOI: 10.1642/AUK-18-23.1

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Мігрыруючыя вераб’іныя птушкі таго ж віду выжываюць лепш, чым аседлыя

Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах

Куды і як ляцяць на зімоўку поплаўныя луні з Усходняй Беларусі: вынікі спадарожнікавага сачэння + мапы + VIDEO

Міграцыі ўкарачваюць жыццё птушак

За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый