У гарадзенскіх сакалоў з'явілася першае яйка! (+Video)

Зусім нечакана на чацьвёрты дзень назіранняў за гняздом сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) з дапамогай ІР-камеры, ў 16:53 самка адклала першае яйка. Гэта на 4 дні раней, чым у мінулым годзе.

Гняздо за статуяй Святой Алены на Бернардынскім касцёле ў самым цэнтры Гродна існуе ўжо некалькі апошніх гадоў. У мінулым годзе дзякуючы ласкавай згодзе ксндза-пробашча а.Антонія Ханько і дапамозе ксяндза а.Яўгенія Барысюка тысячы наведвальнікаў нашага сайту маглі назіраць за самымі цікавымі момантамі жыцьця сакалоў на фільміках. А на працягу амаль усяго чэрвеня тысячы гарадзенцаў глядзелі ролікі пра падзеі на самым знакамітым гняздзе  на вялізарным экране на Савецкай плошчы дзякуючы Тэлерадыяканалу Гродно Плюс.

Паводле выбару наведвальнікаў нашага сайту, самка атрымала імя Алена, а самец - Стэфан. Хутчэй за ўсё, цяпер мы назіраем за той самай парай. У мінулым годзе з гнязда на касцёле выляцелі ажно 6 птушанят. Таму дарослыя сокалы мелі ўсе падставы зноў вярнуцца гнездаваць за статую Св.Алены і сёлета.

Упершыню самку "з касцёла" мы адзанчылі ў цэнтры горада яшчэ 19 сакавіка. І вось цяпер дачакаліся першага яйка!

Кроніка падзей сёньня выглядала наступным чынам:

Самка вярнулася на гняздо ў 15:53 і адляцела з яго праз 7 хвілін, прысядаючы ў генздавую ямку і наводзячы парадак каля яе.

Праз 30 секунд птушка вярнулася і адляцела з гнязда у 16:04.

Яшчэ праз 24 хвіліны самка вярнулася надоўга: яна сядзела ў ямцы, круцілася, чысцілася і перабірала розныя прадметы каля гнязда. І вось, у 16:53 самка прыпаднялася і пад ёй стала бачным чырвонаватае яйка - першае сёлета!

Самка зноў прысела на яго і часам засянаючы, сядзела на гняздзе ажно да 17:33, калі , напэўна, самец прыляцеў да гнязда са здабычай.

Пакуль самка ела, на гняздо наведаўся самец, які нават прысеў на некалькі секундаў на "першынца", але адляцеў прыкладна праз хвіліну.

Яшчэ 8 хвілін яйка заставалася без нагляду.

З 17:43, калі самка вярнулася на гняздо, яна знаходзіцца на ім.

На гэтую тэму:

2010: У гняздзе пустальгі ў Гродна з'явілася першае яйка (Відэа)

 

Першыя відэа з гнязда пустальгі на касьцёле ў Гродна: 05-04-2011/ The first video from future nest of Kestrels in Hrodna

Сокал-пустальга ў Гродна 06-04-2011: трэніроўка інкубацыі / Kestrels in Hrodna: training of incubation + VIDEO

 

Comments

  Віншаванні  з першым яйкам!  Спадзяваюся, будзе не менш, чым у мінулым годзе.

  Апошнія дні самка значна менш сядзела на сцяне, яе амаль не было відаць, зараз зразумела чаму. Раней як не ідзеш міма касцёла, яна то на крыжы, то на сцяне. Чакаем далейшых падзей.

Дзякуй, спадзяюся, што заўтра з'явіцца другое і гэтак далей.

Цяпер самка вылятае амаль выключна каб з'есці тое, што ёй самец прынясе. Хаця плотнай інкубацыі, напэўна, не будзе да 3-4 яйка.