Чацвёрты Birdwatching Fair ў Бразіліі – вялікі поспех ці павелічэнне цікавасці?

   Па прыкладу Вялікабрытаніі, ў Бразіліі з 2006 году пачалі праводзіць Birdwatching Fair – Фэст-ярмарку для бёдуотчараў. Называецца ён AVISTAR, і штогод збірае ўсё больш наведвальнікаў. Фэст праходзіў у парку Villa-Lobos у адным з найбуйнейшых гарадоў Бразіліі – Сан Паула.

   З года ў год павялічваецца колькасць арганізацый і фірм, якія рыхтуюць свае экспазіцыі. Да фэсту былі падведзены вынікі міжнароднага конкурсу “Птушкі Бразіліі” (лепшыя здымкі можна паглядзець тут: http://www.avistarbrasil.com.br/concurso/2009/melhor_foto.php ), былі арганізаваныя некалькі сэмінараў па здымкам птушак, адмыслова запрошаныя лектары прадставілі цікавыя прэзентацыі – і сярод іх знакаміты Джэрэмі Міннс (Jeremy Minns) распавёў пра тое, як запісваць галасы птушак. Некалькі вясёлых мерапрыемстваў было падрыхтавана для дзетак і падлеткаў. Мастак Рэгінальда Соўза Сантас (Reginaldo Souza Santos) намаляваў на сценах 12 самых пагражаемых птушак Бразіліі, і сярод іх Чырвонадзюбага курасао Crax blumenbachii і макао Ліра Anodorhynchus leari, каб падкрэсліць для наведвальнікаў прыгажосць мясцовых птушак і іх праблемы. Арганізацыя SAVE Brasil (BirdLife у Бразіліі) дапамагала ў арганізацыі фэсту, а на сваіх стэндах дэманстравала галоўныя праекты па ратаванню знікаючых відаў птушак. У фэсце таксама ўдзельнічалі турыстычныя агенцтвы і сярод іх – Embratur – дзяржаўны рухавік турызму ў краіне.
У Свяце птушак і бёдуотчараў удзельнічалі 12 тысяч чалавек. І гэта неблагі паказнік. Але нават у будзённыя дні парк Villa-Lobos наведваюць каля 4 тысяч чалавек, а ў уік-энды гэтыя лічбы узрастаюць нават да 20-30 тысяч. Пры чым галоўнымі атракцыямі парку ёсць магчымасць пабегаць, пакатацца на ровары і выгуляць сабаку.
Таму наўрацьці колькасць наведвальнікаў фэсту можна лічыць сапраўды высокай і задавальняючай. А яго сайт www.avistarbrasil.com.br не прапануе шмат сваім наведвальнікам і нават праз некалькі дзён пасьля завяршэння свята на ім яшчэ не  было фотарэпартажу. Магчыма таму яго рэйтынг не так далёка ад нашага.

Паводле www.birdlife.org і www.dpchallenge.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by