Ахоўваем ня толькі птушак!

   АПБ – грамадская экалагічная арганізацыя, якая, нягледзячы на сваю назву “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, займаецца аховай прыроды ў самым шырокім сэнсе гэтага словазлучэння. Гэта і непасрэдная ахова птушак, ахова тэрыторый і экасістэм, навуковыя даследaванні, экалагічная адукацыя і экатурызм. Зразумела, што ствараючы прыродаахоўныя тэррыторыі, ахоўваючы экасістэмы – мы ахоўваем усе кампаненты прыроды і ўсе віды не толькі птушак, а і расліны, безхрабетных жывёл і іншыя класы (акрамя птушак) хрыбетных.

    У АПБ дзейнічае працоўная группа па Рукакрылых (кажанах), штогадовыя восеньскія акцыі прысвечаны ахове ласасёвых рыб у рэках басейну Віліі. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што адзін з праектаў АПБ прысвечаны ахове соняў.

    Соні - гэта рэдкая група млекакормячых атрада Грызуны, аб’яднаных у своеасаблівае аднайменнае сямейства - соні, з якіх ў нашай краіне жыве 4 віды. Большасць іх прадстаўнікоў, што адзначаны ў нашай краіне, адносяцца да рэдкіх і вельмі рэдкіх жывёл. Тры віды з чатырох занесены у Чырвоную кнігу Беларусі, гэта: соня-палчок (Myoxus glis), садовая соня (Eliomys quercinus), арэшнікавая соня (Muscardinus avellanarius). І толькі адзін від – лясная соня (Glis glis) застаецца адносна звычайным відам. Усе віды малавывучаныя ў нашай краіне, хаця у сярэдзіне пазамінулага стагоддзя пра іх упершыню з нашых заолагаў напісаў адмысловы артыкул Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853). Нават інфармацыя аб іх распаўсюджанні вельмі сціплая. Напрыклад, для садовай соні, згодна з Чырвонай кнігай, вядома менш за дзесяць знаходак па ўсёй тэррыторыі краіны за апошнія 100 год! Тое ж датычыцца і соні-палчка. Крыху больш вядома аб распаўсюджанні лясной соні і арэшнікавай. Адной з прычын рэдкасці відаў гэтай звяроў ёсць іх пэўныя патрабаванні да асяроддзя. Усе соні - гэта лясныя віды, да таго ж большасць іх жыццядзейнасці звязана са старымі лісцёвымі альбо мяшанымі лясамі з добра развітым падлескам, ім патрэбныя старыя дуплістыя дрэвы. На жаль, наша лясная гаспадарка адмоўна ўплывае на плошчу падобных біятопаў: старыя лісцевыя лясы высякаюцца ў нас у першую чаргу і замяняюцца на хваёвыя насаджэнні. Дуплістыя дрэвы лічацца небяспечнымі для лясной гаспадарцы і выдаляюцца з лесу. Так званая “ачыстка лесу ад захламленасці” таксама не спрыяе існаванню соняў.
     Менавіта таму соні былі абраныя аб’ектам вывучэння пад час праекту “Далучэнне цяжкай моладзі і грамадскасці да вырашэння праблем рэдкіх відаў млекакормячых сямейства соні”. (ПРИВЛЕЧЕНИЕ ТРУДНЫХ ПОДРОСТКОВ И ОБЩЕСТВЕННОСТИ К РЕШЕНИЮ ПРОБЛЕМЫ РЕДКИХ ВИДОВ МЛЕКОПИТАЮЩИХ СЕМЕЙСТВА СОНЕВЫХ). 
     У рамках праекту запланавана шмат розных дзейнасцяў. Гэта і навуковыя даследаванні распаўсюджання відаў, і апрацоўка праграмы іх актыўнай аховы, біятэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў размнажэння. Дадаткова, прававая ахова праз перадачу пад ахову месцаў іх пражывання згодна з нацыянальным заканадаўствам. Важным кампанентам з’яўляецца адукацыя моладзі і спецыялістаў, якія працуюць у лясах і асродках па ахове навакольнага асяроддзя. Асобным кампанентам праекту з’яўляецца далучэнне да практычнай дзейнасці па ахове прыроды так званай “цяжкай моладзі”. Практычная актыўная дзейнасць на прыродзе ў лесе - гэта тое, што можа заахвоціць, зацікавіць, скіраваць энэргію падлеткаў у карыснае русла. 
     Нягледзячы на тое, што соні вядуць начны лад жыцця і іх вельмі складана заўважыць, большасць з іх вельмі добра рэагуе на “кватэрную дапамогу” і ахвотна засяляе штучныя гнездавыя скрыні, размешчаныя ў адпаведным біятопе. Таму гэтыя віды даволі удзячныя пры ажыццяўленні біятэхніі. 
     Праект толькі пачынаецца. На перадзе яшчэ шмат мерапрыемстваў. Гэта семінары і круглыя сталы дла грамадскасці (леснікі, службы аховы прыроды, настаўнікі і інш), адмысловыя трэнінгі па вырабу гнездавых скрыняў вучнямі, экскурсіі ў прыроду, навуковыя даследванні і інш. Запрашаем да супраоўніцтва ўсіх, хто зацікаўлены ў вывучэнні і ахове гэтых цікавых і рэдкіх звяроў, а таксама ўсіх,хто любіць бавіць час на прыродзе і назіраць за ёй, а калі патрэбна - дапамагаць. 
     Сачыце за наступнымі навінамі!
 
Андрэй Абрамчук,
Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ.
Лясная соня на здымку Валерыя Лукашэвіча