Міжнародная каманда даследчыкаў апісала новы від птушак. Аднак від гэты - выкапневы, і знік праз непрацяглы час пасля прыбыцця на востраў Мадэйра першых людзей – партугальскіх маракоў у 1419 годзе.
Выкапневыя парэшткі невялікай савы былі знойдзены яшчэ 20 год таму нямецкім палеантолагам Гаральдам Піеперам (Harald Pieper), аднак да гэтага часу не было адмыслоўца, які б здолеў вызначыць парэшткі да віду. І толькі цяпер каманда на чале з д-рам Ёзэфам Антоніем Альковерам (Dr Josep Antoni Alcover) з Міжземнаморскага інстытуту перадавых даследаванняў змагла дакладна сказаць, што на Мадэйры жыў свой від сплюшкі, які навукоўцы назвалі Otus mauli. Гэты від адрозніваўся ад кантынентальных прадстаўнікоў роду даўжэйшымі нагамі і карацейшымі крыламі. Хутчэй за ўсё, сплюшка спецыялізавалася на здабычы безхрыбетных, а ў якасці дадатку да іх палявала на яшчарак і птушак.
Дакладна вядома, што на працягу першых 7 гадоў пасля прыбыцця на Мадэйру першых людзей, на востраве выгарэла шмат расліннасці, што магло прывесці да значнага змяншэння неабходных для гнездавання і харчавання сплюшак плошчаў. Разам з маракамі на востраў прыбылі птушкі з кантыненту, якія прынеслі з сабой хваробы, на якія мясцовыя віды не мелі імунітэту. Ў дадатак з’явіліся новыя драпежнікі – пацукі і бадзяжныя каты, якія праз непрацяглы час прывялі да знікнення некаторых мясцовых відаў птушак, сярод якіх апынулася і мадэйрская сплюшка.
Гэты ж, або блізкі від сплюшкі быў знойдзены на іншым востраве архіпелагу - Porto Santo.
“Гэта вельмі цікава, аднак тыя абмежаваныя парэшткі савы, якія мы знайшлі там пакуль не даюць магчымасці дакладна сцвердзіць яе відавую прыналежнасць.” – сказаў д-р Альковер. “Калі гэтыя сплюшкі былі рознымі відамі, гэта азначала б, што здольнасці да палёту гэтых астраўных сплюшак былі значна меншымі, чым у кантынентальных відаў. У гэтым выпадку адлегласць паміж астравамі была б дадатковай для іх эфектыўнай ізаляцыі”.
Далейшыя даследаванні без сумнення прывядуць да апісання невядомых, але таксама вымерлых відаў жывёл на Мадэйры – да такой сумнай высновы прыйшлі навукоўцы.
Іх артыкул пра апісанне мадэйрскага сычыка з’явіўся ў апошнім нумары часопіса „Zootaxa”.
Паводле www.sci-news.com (здымак і тэкст) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На малюнку рэканструкцыя мадэйрскай сплюшкі і схематычны выгляд еўрапейскага і мадэйрскага віду.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ