Новыя віды выкапнёвых птушак

Большасць людзей, зацікаўленых назіраннямі і вывучэннем птушак звычайна мяркуе, што пазастала не вельмі шмат шанцаў, каб апісаць новы від птушак. Тым часам меркаванне гэтае даволі памылковае, бо штогод апісваецца па некалькі відаў сучасных і выкапнёвых відаў, дагэтуль не вядомых навуцы. Калі ж задумацца над магчымасцямі палеантолагаў, трэба ўспомніць, што птушкі распаўсюджаны на нашай планеце ўжо прыкладна 150 мільёнаў гадоў, і ў мінулым гэтая група жывёл была не менш (калі не больш) шматлікай, чым цяпер. Вывучэннем мінулага птушак, іх эвалюцыі і ўзаемных сувязяў займаецца палеоорніталогія. Штогод у розных палеоанталагічных часопісах з’яўляюцца артыкулы, прысвечаныя апісанню новых выкапнёвых відаў птушак.


Адным з найбольш вядомых часопісаў такога тыпу ёсць "Journal of Vertebrate Paleontology". Ў гэтым годзе выйшлі 2 нумары, апошні ў чэрвені. Менавіта ў гэтым нумары і змешчаны 2 артыкулы, прысвечаныя апісанню новых відаў птушак.
Першы артыкул (Morschauser et al., 2009) тычыцца новаадкрытага прадстаўніка падкласа Enantiornithes (т.зв. “супрацьптушак” паводле перакладу назвы з Лаціны), які атрымаў назву Rapaxavis pani. “Супрацьптушкі”, напэўна, былі найбольш рознароднай і шматлікай групай птушак у часы, калі на Зямлі панавалі дыназаўры. Цікава, што яны вымерлі разам з апошнімі. Гэты падклас быў вылучаны параўнальна нядаўна – толькі на пачатку 1980-х гг., вялізны ўнёсак у даследаванне гэтай групы зрабіў польскі навуковец праф. А. Эльжановскі (A. Elżanowski).
Парэшткі новага выкапнёвага віду былі знойдзены ў фармацыі Jiufotang у знакамітай колькасцю парэштак старажытных птушак кітайскай правінцыі Liaoning. Узрост знаходкі каля 110 мільёнаў гадоў (пачатак крэўдавага перыяду). Гэта ўжо другі адкрыты ў гэтым годзе прадстаўнік сямества Longipterygidae (у першым нумары за гэты год таго самага часопіса з’явіўся артыкул, прысвечаны віду Shanweniao cooperorum (O’Connor et al., 2009). Паводле аўтараў новай публікацыі, адкрыты імі новы від птушак ёсць блізкім да прадстаўніка таго ж сямейства Logirostravis hani (Hou et al., 2004). Таксама мае падоўжаную і трошкі загнутую дзюбу, забяспечаную шматлікімі зуьамі (апошнія не заходзяць за пярэднескулавую костку). Абодва віды не маюць кіпцюроў на крылах. Парэшткі Rapaxavis pani вельмі добра захаваліся – адсутнічаюць толькі некалькі грудных пазванкоў з рэбрамі. Бачныя нават парэшткі кератынавага покрыву кіпцюроў на пальцах ног. Акрамя іншых анатамічных асаблівасцяў, заўважная камбінацыя з 6 пазванкоў крыжа і 6 нязрослых адзін з адным хвастовых пазванкоў.
Асаблівасці нязрослых частак костак ног новаапісанага віду могуць сведчыць або пра тое, што знойдзеныя парэшткі належаць маладому асобніку, або пра асаблівасці будовы шкілета ніжніх канечнасцяў прадстаўнікоў падкласа. Аналіз будовы пальцавых фалангаў ног новаапісанага віду сведчыць на карысць дравеснага ладу жыцця. Паводле аўтараў артыкулу, дзюба была прыстасавана да зандзіравання. Такая камбінацыя  была ўпершыню апісана для “супрацьптушак” і яшчэ больш павялічыла іх і так вялікую разнастайнасць.
 

Другі артыкул (Noriega et al., 2009) апісвае раней невядомы від карыам, які атрымаў назву Cariama santacrucenis. Сямейства караім (Cariamidae) аб’ядноўвае толькі два сучасных віды, распаўсюджаных у Паўднёвай Амерыцы. Гэтыя параўнальна вялікія птушкі ёсць экалагічнымі адпаведнікамі птушак-сакратароў (Saggitariidae) з Афрыкі. Да мінулага году карыам адносілі да жураўлепадобных (Gruiformes), аднак паводле сучасных даследаванняў (Hackett et al., 2008) яны заслугоўваюць падвышэння статусу да асобнага атраду Cariamiformes.  Мала вядома пра эвалюцыю карыам, бо іх выкапневых парэшткаў знойдзена вельмі мала (дагэтуль былі знойдзеныя толькі 2 выкапневыя віды). Нашмат больш знойдзена парэшткаў і таму больш вядома пра іншыя сямействы Карыамападобных – напрыклад, фараракаў (Phorusrhacidae).
Па некамплектнаму чэрапу, знойдзенаму ў Puesto Estancia La Costa (правінцыя і фармацыя Santa Cruz, Аргентына), якому паміж 16 і 17 мільёнам гадоў (ранні або сярэдні міоцэн) быў апісаны новы від Cariama santacrucenis, які нагадвае сучасную чырвонаногую карыаму (Cariama cistata). Адрозніваюцца відыі дэталямі будовы некаторых костак чэрапа. Акрамя парэштак Cariama santacrucenis, аўтары апісваюць парэшткі яшчэ аднаго прадстаўніка сямейства, якія не атрымалася апісаць дакладней.
Адкрыццё дадае святло на эвалюцыю карыам, таму што новаапісаны від ёсць першым выкапневым прадстаўніком дагэтуль існуючага роду Cariama і паказвае, што род існаваў ужо ў міоцэне.
 

Выкарыстаныя крыніцы:
Hackett, S. J., et al.;2008. A phylogenomic study of birds reveals their evolutionary history. Science 320: 1763-1768.
Morschauser, E.M.; Varricchio, D.J.; Chunling, G.; Jinyuan, L.; Xuri, W.; Xiadong, Ch.; Qingjin, M.; 2009. Anatomy of the Early Cretaceous bird Rapaxavis pani, a new species from Liaoning Province, China. Journal of Vertebrate Paleontology 29 (2): 545-554.
Noriega, J.I.; Vizcaino, S.F.; Bargo, M.S.; 2009. First Record and New Species of Sariema (Aves: Ralliformes: Cariamidae) from Santacrucian (Early-Middle Miocene) Beds of Patagonia . Journal of Vertebrate Paleontology 29 (2): 620-626.
 

Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by

Здымак чырвонаногай карыамы (Cariama cristata) з www.flickr.com

Comments