Самыя цікавыя рэгістрацыі птушак у Францыі ў 2010 годзе

Французскі камітэт па назіраннях рэдкіх птушак (French Rarities Committee) змясціў на сваім сайце (www.chn-france.org/upload_content/rapport_2010.pdf ) справаздачу аб цікавых рэгістрацыях за 2010 год. Апублікаваная яна была ў часопісе бёдуотчараў Ornithos у мінулым годзе.

Для 2010 году адзначаны дзьве цікавыя інвазіі. Першая – касматаногіх канюхоў (Buteo lagopus), другая – белагаловых сініц-апалоўнікаў намінальнага падвіду (Aegithalos caudatus caudatus) з поўначы Еўропы. Пачаліся яны ў канцы 2010 году і працягваліся ў пачатку 2011. На жаль, адсутнічаюць дакладныя колькасныя аценкі гэтых інвазій, аднак іх можна лічыць безпрэцендэнтнымі для абодвух таксонаў для Францыі. Цікава, што паўночна-ўсходні падвід сініцы-апалоўніка да інвазіі ні разу не быў нават адзначаны ў гэтай краіне (Dubois et al. 2008).


Параўнальна вялікая колькасць назіранняў была дасягнутая для кароткадзюбай гуменніцы (Anser brachyrhynchus) (17), чырвонаваллёвай казаркі (Branta ruficollis) (6), Банапартава пясочніка (Calidris fuscicollis) (5), чорнагаловага падвіду жоўтай пліскі (Motacilla flava feldegg) (13), жоўтагаловай пліскі (М. citreola) (5) і амерыканскага чырвонавокага вірэо (Vireo olivaceus) (5).


Сярод самых цікавых назіранняў неабходна адзначыць: белахвостую кнігаўку (Vanellus leucurus) з Азіі (пятая рэгістрацыя для Францыі), афрыканска-азіяцкую блакітнашчокую пчалаедку (Merops persicus) (трэцяя сучасная рэгістрацыя для краіны), амерыканскага аранжавабрухага свірстуна (Anthus rubescens) (другая рэгістрацыя), сібірска-амерыканскага шэрашчокага дразда (Catharus minimus) (пятая рэгістрацыя), паўночна-афрыканска-іберыйскую перасмешку Ізабеліны (Hippolais opaca) (пятая рэгістрацыя), азіяцкую перасмешку Сайкса (Hippolais rama) (другая і трэцяя рэгістрацыі) і паўночнаамерыканскага вадзянога дразда (Seiurus noveboracensis) (трэцяя).


Да спісу новых для Францыі відаў у 2010 годзе дадаліся амерыканскія каштанавабокі ціран Setophaga pensylvanica і карычневагаловы трупіал Molothrus ater. Агулам жа ў краіне былі адзначаны за год 7 відаў з Неарктыкі.  

Benoît Paepegaey,
Старшыня French Rarities Committee www.chn-france.org

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак блакітнашчокай пчалаедкі з www.birdingblogs.com