Фатальнае надвор’е забіла тысячы птушак у Вялікабрытаніі

Вельмі кепскае надвор’е вакол узбярэжжаў Англіі на мінулым тыдні стварыла жахлівыя ўмовы для мігрыруючых птушак. Птушкі гінуць не толькі на зямлі, але вычарпаўшы сілы і страціўшы арыентацыю, падаюць у мора.

Не вельмі звычайная камбінацыя густога туману і моцнага ветру прымусіла дзесяткі тысяч птушак шукаць прыстанішча на ўсходнім узбярэжжы Англіі – ад Northumberland да Kent, пра што паведамляюць многія бёдуотчары і навукоўцы. Арніталагічная абсэрваторыя ў Спарне (Spurn Bird Observatory) ў панядзелак паведаміла пра наступныя скапленні птушак навокал яе: каля 10 тысяч драздоў-піскуноў, каля тысячы драздоў-спевуноў, 700 малiнавак, прыкладна 21 тысяча белабровых драздоў, больш за тысячу чорных драздоў, каля 800 жоўтагаловых каралькоў, 2700 юркоў і дзесяткі ды сотні вераб’іных птушак іншых відаў.

Яшчэ адно месца, дзе птушкі былі вымушаныя прыпыніцца – рэзерват RSPB Bempton Cliffs у Паўночным Йоркшыры. Ян Кэндэл (Ian Kendall), менэджэр рэзэрвату, паведаміў: “Птушкі сядзяць тысячамі на кліфах, на навакольных палях, дрэвах і кустах уздоўж дарог па ўсяму ўзбярэжжу Йоркшыра”.

“Птушкі выляцелі са Скандынавіі ў сонечную пагоду, але пад час пералёту праз Паўночнае мора яны трапілі ў туман і дождж. Таму яны былі вымушаныя прыпыніцца ў першым лепшым месцы.”

Іншыя прадстаўнікі RSPB кажуць, што гэтыя птушкі могуць аказацца тымі, каму пашанцавала даляцець да зямлі і застацца жывымі, аднак многія іншыя не здолелі гэтага зрабіць і загінулі.

Ў пацверджанне гэтага таварыства прыводзіць паведамленне ад аднаго са шкіпераў, які са сваім караблём у гэтыя дні знаходзіўся ў моры: “Калі мы рыбачылі прыкладна ў 10 мілях на поўдзень ад Портсмуфа, мы сталі сведкамі таго, як тысячы пеўчых птушак, страціўшы арыентацыю, сядалі ў воду і большасць з іх загінула. Гэта былі дразды, жоўтагаловыя каралькі, малінаўкі. Неба было цёмным ад птушак. Я налічыў каля 500 птушак, якія танулі толькі паблізу нашага сейнера. Калі мы вярталіся, мы бачылі загінулых вераб’іных птушак, якія плавалі ў вадзе – гэта было жахлівае відовішча”.

 

Паводле  www.rspb.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

 Здымак з www.timmessick.wordpress.com

 

На гэтую тэму:

Гагачы разбіліся ў тумане