Пад такой назвай у Горадні ў Дзень Святога Губерта адбыўся міні-фэст, арганізаваны супольна нашым сайтам Birdwatch.by і Гарадзенскім аддзяленнем Таварыства беларускай школы (ТБШ).
Галоўнай падзеяй стала прэм'ера фільма "Сокал над горадам", перад якой распавёў пра некаторыя цікавыя моманты пад час здымак аператар і рэжысёр Ігар Бышнёў, які прыехаў да нас разам з сям'ёй адмыслова з Бярэзінскага запаведніка, дзе жыве.
Фільм паўстаў сёлета на аснове розных рэальных гісторый, якія адбываліся з сокалам-пустальгой (Falco tinnunculus) на розных гнёздах у Горадні і Брэсце, а таксама рэканструкцыі жыцця шляхты і раней знятых сюжэтаў з Чарнобыльскай зоны Ўкраіны і некаторых другіх месцаў. Цікавую і значную сюжэтную лінію прадстаўляюць відэа-сюжэты жыцця сакалоў з самага знакамітага гнязда птушак у Беларусі, якое знаходзіцца ў брэсцкім шматпаверховіку і за якім з дапамогай ІР-камеры трэці год запар он-лайн на нашым сайце сочаць дзесяткі тысяч людзей з больш чым 140 краін Свету.
26-ці хвілінны фільм нікога не заставіў раўнадушным, тым больш, што многія з яго ўдзельнікаў атрымалі на памяць падпісаныя аўтарам дыскі з яго копіямі.
Ігар Бышнёў распавядае пра фільм "Сокал над горадам"
Перад прэм'ерай і маладыя, і дарослыя ўдзельнікі сустрэчы былі занятыя карыснай справай. Дзеткі збіралі птушак з канструктара Лего, прычым калібры, белы бусел, страус і нават пцерадактыль атрымаліся надзіва падобнымі да "арыгіналаў", што, канешне, не магло застацца па-за ўвагай Журы і аўтары атрымалі прызы ад нашага сайту.
Дарослыя ўдзельнікі міні-фэсту збіралі гнездавыя скрыні для пустальгі, якія ў пачатку наступнага году будуць размешчаны ўнутры будынкаў там, дзе гнездавыя нішы гэтых птушак на паддашшах яўна замалыя для паспяховага выгадоўвання птушанят.
На прыканцы мадэратар нашага сайту Яўген Сліж паказаў найлепшыя здымкі птушак, размешчаныя беларускімі фотамайстрамі ў нашай Галерэі. А фінальным акордам стала фотавыстава "Нашы птушкі - 2012", адкрытая ў памяшканні Саюзу палякаў на Беларусі, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Фотавыстава будзе працаваць у гэтым месцы наступныя 2 тыдні.
Не гледзячы на тэхнічныя цяжкасці, якія часам перашкаджалі пазітыўна ўспрымаць праграму міні-фэсту, і маленькія, і дарослыя ўдзельнікі атрымалі акрамя добрых уражанняў яшчэ і добрыя прызы.
Дзякуем Эдварду Дмухоўскаму з ТБШ за ідэю правядзення міні-фэсту ў Дні Святога Губерта, дапамогу ў арганізацыі і прадстаўленыя прызы, Яўгену Сліжу і Сяргею Саковічу за арганізацыю зборкі гнездавых скрыняў і іншую дапамогу, Яўгену і Валодзе Вінчэўскім і Юрыю Лукашэнку за падрыхтоўку і размяшчэнне фотавыставы "Нашы птушкі-2012".
Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
фота аўтара
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ