Гіганцкая птушка з эацэну насамрэч была раслінаеднай

Дзякуючы адпячаткам лап, застаўленым эаценавай птушкай, вядомай як Diatryma , навукоўцы вызначылі асноўны склад яе ежы. Птушка, якая мела вялізарныя памеры, аказалася вегетарыянкай.

Каманда даследчыкаў з Вашынгтану (ЗША) пачала даследаваць знойдзеныя ў 2009 г. сляды на апоўзні.

Да гэтага дыятрымаў лічылі буйнымі драпежнікамі або, як мінімум, падальнікамі. Аднак адсутнасьць вялікіх і загнутых кіпцюроў сведчыць пра тое, што дыятрымы не маглі быць ні першым, ні другім. Бо проста не змаглі б такімі лапамі ўтрымліваць здабычу.

Вышынёй троху больш за 2 м, з вялікай дзюбай і галавой, нелятаючая Diatryma (часам яе адносяць да іншага роду - Gastornis) і ў навуковых, і ў папулярных выданнях малявалася як страшны драпежнік.

Вельмі часта лічылася, што дыятрымы занялі месца топ-драпежнікаў пасля знікнення дыназаўраў.

Аднак знойдзеныя сляды, якія нейкая буйная птушка заставіла на пясчаніку паміж 55, 8 і 48, 6 мільёна гадоў таму ў фармацыі Chuckanut на паўночным захадзе штата Вашынгтан, былі вызначаныя як менавіта сляды дыятрымы. Пальцы, адпячаткі якіх добра бачныя, маюць параўнальна кароткія кіпцюры. Гэта адназначна сведчыць, што птушка, якая іх мела, не была ні драпежнай, ні ўтрымлівала імі падаль.

Чаму ж раней дыятрымаў лічылі драпежнікамі? Не гледзячы на тое, што птушкі мелі (паводле знойдзеных рэштак шкілету) кароткія ногі і не маглі хутка бегаць, каб даганяць здабычу, яны мелі вялізарную галаву з надзвычай вялікай дзюбай. Да таго ж адна са знаходак шкілету птушкі была зроблена ў акружэнні парэштак невялікага памеру каней і іншых дробных звяроў. Даследчыкі палічылі іх ахвярамі птушкі.

Цяпер дадатковыя даследаванні парэштак дыятрым паказалі, што ў іх не было і загнутай на канцы дзюбы. А без яе немагчыма адрываць кавалкі ежы такой, як падаль ці мяса. Таму даследчыкі, якія апублікавалі вынікі сваёй працы ў часопісе Paleontology лічаць, што гэтыя птушкі харчаваліся лістамі, сочнымі пладамі і іншым насеннем у субтрапічных лясах, якія іх акружалі ў той час. 

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

 

На гэтую тэму:

Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі