Мінулагоднія ўлікі вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola), праведзеныя ў Польшчы, паказалі, што від у гэтай краіне прыпыніў змяншэнне колькасці. Аднак падобны адмоўны трэнд працягваецца ва ўсіх іншых краінах Усходняй Еўропы, для якіх ёсць дадзеныя.
Колькасць віду паўсюль у Еўропе змяншаецца галоўным чынам з-за страты месцапражыванняў - нізінных балот – і адмоўных зменаў у кіраванні воднымі рэсурсамі. Агульнапольскае таварыства аховы птушак OTOP (партнёр Birdlife International у Польшчы) пачало праекты па ахове віду ў 1990-я гады. Аднак найбольш маштабнымі дзеянні па стварэнню максімальна адпаведнага віду асяроддзя праводзіліся ў апошнія гады дзякуючы двум вялікім праектам Еўрапейскага Звязу з праграмы LIFE+.
У 2012 годзе ОТОР правяло чарговыя поўныя нацыянальныя ўлікі спяваючых самцоў чаротавак. Прычым не толькі ў месцах канцентрацыі віду, дзе праводзіліся актыўныя дзеянні па іх ахове - выкашванне асакі і трыснягу, знішчэнне хмызняку, аднак і на меншых месцах гнездавання па ўсёй краіне, дзе ўмяшанне ў працесы сукцэсіі не адбывалася.
Дзякуючы вялізарнай працы больш 120 валанцёраў атрымана лічба спяваючых самцоў для ўсёй краіны – 3 256 птушак. Гэтыя дадзеныя пераўзыходзяць тыя, што былі атрыманы пад час папярэдніх поўных улікаў у Польшчы, якія праводзіліся ў 2007 і 2009 гг. Таму могуць быць інтэрпрэтаваныя як прыпыненне змяншэння колькасці віду ў гэтай краіне.
Аднак параўнанне з дадзенымі з іншых краін сведчыць пра тое, што гэта адзіная папуляцыя з пазітыўным трэндам колькасці. Бо ў Беларусі і Літве па выніках мінулагодніх улікаў працягваецца змяншэнне колькасці вяртлявых чаротавак. Аднак тыя сур’ёзныя меры па ўзнаўленню экасістэм у самых важных для гнездавання віду месцах у гэтых краінах даюць сур’ёзную надзею на змены да лепшага.
Толькі што былі апублікаваныя дадзеныя па ўліках віду ва Ўкраіне – мясцовая папуляцыя аценьваецца ў 3433-4033 спяваючых самцоў і працягвае змяншацца.
У Германіі ў мінулым годзе былі адзначаныя 3 спяваючыя самцы вяртлявай чаротаўкі ў пойме Одры - ўпершыню пасля некалькіх гадоў адсутнасці віду. Актуальнае становішча віду ў Расіі невядомае, бо там не праводзіліся даследаванні.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ