Гродзенскі абласны фотаконкурс “Нашы птушкі-2013” – чакаем Вашы здымкі

Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абвяшчае пачатак прыёму здымкаў на традыцыйны абласны фотаконкурс “Нашы птушкі-2013”.

Да 10.03. 2013г. чакаем ад фотамастакоў з Гарадзеншчыны не больш 10 фотаздымкаў з выявамі дзікіх птушак у прыродзе, частка якіх можа быць аб’яднана ў серыю (з той самай назвай здымкаў). Пажадана каля назвы пазначыць прыярытэт значнасці кожнага здымка (ад 1 да 10) – у выпадку, калі арганізатары не змогуць выставіць усе работы. Надрукаваныя на фотапаперы здымкі павінны мець 20х30 см або блізкія да гэтых памеры, на адваротным баку мець аўтарскую назву, імя і прозвішча, маб. тэлефон і паштовы адрас аўтара.
Ў конкурсе не змогуць удзельнічаць працы, на якіх сфатаграфаваныя птушкі на гняздзе, гнёзды або маленькія птушаняты, ці для стварэння якіх быў выкарыстаны фотамантаж.

Здымкі дасылайце на паштовы адрас:
Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, а/с 197 Гродна 230023,
або перадайце асабіста Дзьмітрыю Вінчэўскаму (кантакты ніжэй).

Электронныя арыгіналы могуць самастойна (пасля рэгістрацыі на сайце), або з дапамогай мадэратара Яўгена Сліжа (электронная пошта tyteishi@gmail.com ) дадаткова размешчаны ў Галерэі на сайце www.birdwatch.by .

З атрыманых работ будзе ўтворана фотавыстава, якая для галасавання за найлепшыя фота без указання аўтарства будзе размешчана на факультэце біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэту імя Я.Купалы. Пад час навуковай канферэнцыі “Заалагічныя чытанні-2013”, якая адбудзецца ў корпусе біяфака ў чацвер-суботу 14-16.03.2013 традыцыйна кожны з удзельнікаў зможа выбраць 5 найлепшых здымкаў на свой густ (якія атрымаюць адпаведна 5, 4, 3, 2 і 1 бал). Пасля падліку ўсіх балаў на закрыцці канферэнцыі ў абед суботы 16.03.2013 будуць абвешчаны 3 найлепшыя фотаработы, аўтары якіх атрымаюць каштоўныя прызы.

Па агульнай колькасці балаў будуць абраныя лепшыя 40-45 здымкаў, якія на працягу году будуць удзельнічаць у фотавыставе “Нашы птушкі-2013”. Фотавыставу штогод у розных навучальных установах і бібліятэках па ўсёй Гарадзеншчыне наведваюць тысячы гледачоў.
Жадаем перамогі!

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся да Дзьмітрыя Вінчэўскага: маб. тэл. +375 336887589 (мтс)
або на е-мэйл: Harrier@tut.by

На здымку: фотавыстава “Нашы птушкі” ў адной са школ на Гарадзеншчыне

Comments

Harrier - 19.02.2013 - 22:40

In reply to by astrynczanka (госць)

Могуць удзельнічаць здымкі любога году - калі яны не ўдзельнічалі ў фотаконкурсе раней. Галоўнае - нашы птушкі і добрая якасьць + сюжэт.