Бусел … на балконе!

Сёння з ранку я пачуў у тэлефоннай трубцы: “Алё, гэта “Ахова птушак”?”
“Так, слухаю Вас.”- не зусім упэўнена адказаў я. І пасля гэтага пачуў незвычайную гісторыю.
Гарадзенец, які жыве ў цэнтры горада на вуліцы Ажэшкі, распавёў, што дзве апошнія вечары запар да яго на балкон прылятае … белы бусел! Пасля шчодрага пасілку з рыбы, які яму забяспечвае гаспадар балкону (бусел хапае ежу дзюбаю ў паветры), птушка застаецца на ўсю ноч, а з самага ранку адлятае ў невядомым кірунку. Цікава, што бусел акальцаваны.
Гарадзенец непакоіўся, каб у птушкі не ўзніклі праблемы з яго суседзямі, бо зразумела, што пасля сябе бусел пакідае не толькі прыемныя ўспаміны, але і памёт.

Адкуль жа можа прылятаць дзікая птушка, якая амаль не баіцца чалавека? Пасля кароткага роздуму мы вырашылі, што гэта, хутчэй за ўсё, адзін з заапаркаўскіх гадаванцаў, якому не падрэзалі махавыя пер’і. Да заапарку зусім блізка – метраў 500, не больш.
Другая магчымасць – гэта сапраўды дзікая птушка, якая выпадкова трапіла ў горад і шчасліва знайшла бяспечны начлег у самым цэнтры Гродна. Да бліжэйшага гнязда белага бусла ў наваколлі гораду (напрыклад, у Грандзічах, Лапенках або Русоце) па прамой 2-3 км. Для птушак, гэта, канешне, не адлегласць. Але як бусел трапіў у горад і чаму вяртаецца сюды?
На гэтыя пытанні пакуль няма адказу.
Звычайна ў трэцяй дэкадзе жніўня белыя буслы адлятаюць ад нас на зімоўку. Шлях у беларускіх птушак няблізкі – зіму яны праводзяць аж у Паўднёвай Афрыцы.
Таму, калі апераны госць у хуткім часе прыпыніць свае візіты на гасцінны балкон, хутчэй за ўсё гэта быў дзікі белы бусел. Калі ж і ў верасні будзе залятаць да свайго сябра-чалавека, птушка гэта з заапарку.
Таму пачакаем працягу гэтай незвычайнай гісторыі.

Дзьмітры Вінчэўскі,
Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ.
Здымак аўтара.

Comments

На працягу мінулага тыдня гэтую навіну (дзякуючы БЕЛТА) не памясьцілі на свой сайт або ў газэту толькі сапраўдныя ляноты (я ведаю пра Гарадзенскую праўду, Вечерній Гродно і Рэспубліку). Ў пятніцу з Менску прыехала здымаць бусла на балконе расейская ТВ ОРТ = 1 канал (!).

Абяцалі паказаць у навінах у панядзелак або аўторак - у каго ёсьць талерка, паглядзіце, можа ім атрымалася зьняць бусла на балконе на вуліцы Ажэшкі?