Хутка можна будзе рэканструяваць не толькі структуру, але і колер апярэння нядаўна зніклых відаў птушак – пра гэта сведчаць вынікі новага навуковага даследавання.
У наш час працягваюць знаходзіць усё новыя і новыя акамянелыя парэшткі птушак, якія шмат дадаюць да нашых ведаў не толькі пра ўжо зніклыя формы, але і пра сучасных птушак. Але да апошняга часу галоўнай праблемай была немагчымасць уявіць як выглядала іх апярэнне. Ўжо параўнальна даўно было вядома, што нават у выраслым і мёртвым пяры ў пачатку ачыну застаецца ДНК, якое лёгка выдзяліць і аналізаваць. Аднак акамянелыя пёрьі часта не мелі гэтай часткі або яе было не магчыма аддзяліць у добрым стане.
Таму сапраўднай сенсацыяй стала паведамленне навукоўцаў з Аўстралійскага цэнтру даследавання старажытных ДНК з Універсітэту Адэлаіды. Яны сцвярджаюць, што здольныя рэканструяваць па знойдзеных у адной з новазеландзкіх пячораў акамянелых пёрах моа, якім каля 10 тысяч гадоў парэшткі ДНК і па іх – структуру пёраў і іх колер.
Парэшткі моа былі знойдзеныя ў тых самых слаях, што і парэшткі і сёння жывучага віду птушак – чырвонашапачнага папугая, колер апярэння якога добра вядомы. Параўнанне структуры ўчасткаў ДНК, вядомых за кадзіраванне колеру розных частак апярэння з палеацэнавых парэшткаў папугаяў і сучасных птушак пацвердзіла, што некаторыя колеры можна правільна рэканструяваць і што тэарэтычна магчыма адпаведна інтэрпрэтаваць дадзеныя з ДНК пёраў моа.
Такім чынам даследчыкі сцвярджаюць, што структура і колер пёраў можна ўзнавіць для усіх птушак, парэшткі ДНК якіх можна знайсці ў музейных калекцыях ці пад час раскопак.
Lawrence, NJ, Wood, JR, Armstrong, KN and Cooper A (2009). DNA content and distribution in ancient feathers and potential to reconstruct the plumage of extinct avian taxa. Proceedings of the Royal Society B 276: 3395-3402
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Сэр Рычард Оўэн каля шкілету апісанага ім вялізарнага моа на здымку з кнігі The book of Knowledge,1911
Больш пра апошнія знаходкі дагістарычных птушак на нашым сайце тут: http://www.birdwatch.by/news/478
Па аналізу рэшткаў ДНК, з цяпер жывучых птушак моа найбліжэй звязаны з эму і казуарам. Самыя старыя знойдзеныя парэшткі моа маюць узрост каля 2,4 мільёнаў гадоў.
Раней навукоўцы выдзялялі нават да 24 відаў моа. Аднак у апошнія гады, зноў жа пасля параўнання ДНК, навукоўцы вызначылі толькі 10 відаў гэтых нелятаючых птушак, якія былі памерам ад індыка да вялізарнага страуса і важылі прыкладна ад 20 да 250 кг. Акрамя гэтага, атрымалася выявіць, што ў моа быў моцна выражаны полавы дымарфізм – самкі памерамі адрозніваліся ад самцоў. Менавіта таму папярэднія даследчыкі і апісвалі амаль у два разы больш відаў, чым іх было насамрэч. Раслі моа вельмі павольна – дасягалі канчатковых памераў толькі ў веку каля дзесяці гадоў, тады як афрыканскі страус ды іншыя сучасныя птушкі патрабуюць на гэта не больш за год.
На самых старых стаянках папярэднікаў сённяшніх маоры археалагічныя раскопкі паказваюць, што моа былі галоўнай ежай новапрыбылых людзей даволі працяглы час – так шмат рэшткаў костак розных відаў гэтых птушак там знаходзяць. Больш познія стаянкі, аднак, ва ўсё большай ступені ўтрымліваюць сведчанні пераходу на харчаванне маоры рыбай, малюскамі і расліннай ежай.
Дзякуючы даследаванням, якія правялі на Новай Зеландыі ў 1990 годзе, змяніліся ўяўленні аб часе прыбыцця першых людзей на гэтыя астравы, і, адпаведна, магчымай працягласці іх палявання на моа. Аказалася, што першыя людзі прыплылі на новазеландзкія астравы толькі на пры канцы ХІІІ стагоддзя (да гэтага думалі, што на 200-300 гадоў раней). На аснове ўсталяваных фактаў з біялогіі моа (невялікі памер кладкі і позняе полавае паспяванне), навукоўцы паспрабавалі стварыць мадэль суіснавання гэтых птушак з людзьмі. Агульную колькасць моа на аснове плошчы астравоў пры іх максымальным пакрыцці лесам прынялі ў 158 000 птушак. Колькасць прыплыўшых на астравы людзей ацанілі на 100 (у адным варыянце) і 200 чалавек (у другім). Акрамя гэтага, прынялі, што людзі амаль не парушалі прыродных экасістэм на абодвух новазеландзкіх галоўных астравах і мелі параўнальна невялікую (у першым варыянце) ці сярэднюю хуткасць прыросту (у другім). І хаця на стаянках маоры акрамя костак моа знайшлі мноства фрагментаў іх яек, даследчыкі прынялі дапушчэнне, што тагачасныя людзі харчаваліся выключна птушкамі, старэйшымі за адзін год. Атрыманыя вынікі гавораць самі за сябе: пры павольным развіцці падзеяў (першы варыянт), людзі маглі вынішчыць птушак за 160 гадоў! Пры больш хуткім варыянце падзеяў (большая пачатковая колькасць людзей і знішчэнні часткі лясоў) час знікнення моа скарачаўся нават да 50 гадоў!
Які ж варыянт распрацаванай мадэлі аказаўся бліжэйшым да ісціны? Паводле шматлікіх раскопак стаянак маоры на абодвух асноўных астравах Новай Зеландыі – Паўночным і Паўднёвым, знішчэнне асноўнай колькасці моа адбылося ўжо на пры канцы XIV стагоддзя. Гэта значыць, прыкладна за 100 гадоў!
Самай вялікай з моа была птушка, атрымаўшая назву вялізарны моа. Гэтая птушка вышынёй да 3,5 метраў была найвышэйшай вядомай на сённяшні дзень птушкай у свеце! Яна мела моцныя, масіўныя ногі, доўгую шыю і грамоздкае цела, і як іншыя віды моа, зусім не мела нават рудыментарных крылаў. Навуковая назва Dinornis maximus азначае “жахлівая вялізная птушка”. Вялізарныя моа харчаваліся выключна расліннай ежай – лістамі, насеннем і сочнымі пладамі.
Людзі знішчылі гэтых птушак параўнальна нядаўна – навукоўцы лічаць, што апошніх забілі нават ў першай палове XVIII стагоддзя. Прыплыўшыя ў Новую Зеландыю ў 1760-х гадах першыя еўрапейцы засталі толькі ўспаміны пра вялізных птушак ужо мясцовага на той час насельніцтва…
Ў 1843 годзе, пасля чатырох гадоў сумненняў, ангельскі палеантолаг Рычард Оуэн апісаў першы, вядомы навуцы від моа, - Dinornis maximus, па 15 см фрагменту косткі яе бядра, дасланай яму каталіцкім місіянерам з Новай Зеландыі.
З кнігі: Дз.Вінчэўскі “Пуцявод па законах прыроды разам з птушкамі”. Мн., АПБ – 2008, 198 С.
Кніга цалкам у фармаце .pdf (амаль 7 Мб) можа быць спампаваная тут: http://nastaunik.info/files/f/320_Puciavod.pdf
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ