На краю самай высокай тэрасы Нёмана, якая парасла больш і менш старымі дрэвамі пасля таго, як я пачуў даволі ціхае, але рэгулярнае пагрукванне, параўнальна хутка атрымалася знайсці вялікага дзятла (Dendrocopos major). Гэта была маладая птушка гэтага году з вялікай чырвонай 'шапкай' на галаве, якая нікуды не спяшаючыся, харчавалася на высокай грушы-дзічцы. Прычым для таго, каб запусціць доўгі і тонкі язык у хады насякомых-ксілафагаў і не патрабавалася шмат высілкаў - птушка зрывала кару і ўжо пад ёй шукала здабычу:
Дзяцел то паказваўся больш-менш адкрыта, то яго хавалі галіны грушы і іншых дрэваў і я на нейкі час забыў пра яго. Тым больш зусім недалёка, у некалькіх метрах, самец звычайнай рудахвосткі (Ph. phoenicurus) карміў сваіх трыскучых птушанят. Я пераключыўся на іх і як потым аказалася, прайшло 40 хвілін пакуль я зноў не вярнуўся да дзятла.
І тут спачатку убачыў, што на той самай грушы дзяцел ужо не той - у новай птушкі на галаве ўвогуле не было нічога чырвонага і гэта была самка вялікага дзятла! Яна інакш здабывала насякомых, зусім не дзяўбла ні кару, ні драўніну пад ёй, а хутка і спраўна збірала здабычу ў шчылінах кары грушы. Яе дзюба хутка напаўнялася і тут адбылося самае цікавае: вышэй яе паказаўся (хутчэй за ўсё) той самы малады дзяцел, якога я бачыў на гэтым жа дрэве раней і самка перадала яму ўвесь свой збор!
Цікава, што малады дзяцел хаця і атрымаў добрую порцыю ежы, працягваў і сам шукаць яе:
Але ў самкі атрымлівалася хутчэй і праз нейкі час яна зноў аддала поўную дзюбу ежы патомку - з такой мамай дакладна не прападзеш!
Потым абедзьве птушкі пераляцелі на высокі, але не стары клён і амаль зніклі на ім. Як раз скончыўся летні дожджык і я вельмі задаволены на гэтым скончыў свае назіранні.
Гродна, 07-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ