У Панаме абнавілі рэкорд колькасці драпежных птушак-мігрантаў

Больш за два мільёны драпежных птушак праляцелі пад горадам Панама (Panama City) ў Панаме на працягу аднаго дня - нядзелі, 2 лістапада. Гэта дазволіла  ўсталяваць новы рэкорд, абнавіўшы папярэдні больш, чым удвая – ў 2013 годзе тут за дзень налічылі 900 тысяч пралётных драпежных птушак. 

Гэтай восенню над горадам Панама праляцелі больш за 3 мільёны сокалападобных пад час сваёй міграцыі з Паўночнай у Паўднёвую Амерыку. Гэта таксама новы рэкорд, усталяваны пад час шматгадовых улікаў для абодвух Амерык. Папярэдні быў зроблены таксама ў Панаме прадстаўнікамі Ад’юбонаўскага таварыства гэтай краіны (Audubon Society of Panama) дзесяць год таму – ў 2004. 

"Афіцыйны вынік улікаў, праведзеных намі ў нядзелю – 2.105.060 драпежных птушак, большасць з якіх складалі грыфы-індзейкі і канюхі Свенсана” – сказаў Джордж Ангер (George Angehr), aрнітолаг і прадстаўнік Audubon Society of Panama. “Я думаю, што большая частка сусветнай папуляцыі канюха Свенсана праляцела над намі на працягу аднаго дня на сваім шляху на зімоўку на Вялікія раўніны Аргенціны”. 

Сусветны сезонны рэкорд па колькасці праляцелых драпежных птушак цяпер таксама належыць Панаме, а на другім месцы апынуўся Ізраіль, дзе ў Эліаце назіраюць каля 3 мільёнаў сокалападобных пад час абодвух сезонаў міграцыі штогод. Аднак існуюць ацэнкі нават у 5 мільёнаў драпежных птушак, якія пралятаюць над мясцовасцю Веракруз (Veracruz) у Мексіцы штогод. Падобных месцаў-“мільённікаў”, насамрэч, існуе няшмат. Яшчэ адно добра вядомае з іх – Батумі (Грузія), дзе сёлета з 17 жніўня па 16 кастрычніка налічылі 1.384.548 асобін розных відаў драпежных птушак пад час міграцыі. 

Чаму ж так многа сокалападобных праляцела на працягу аднаго дня над Панамай? Джордж Ангер спрабуе растлумачыць гэта наступным чынам: "Кепскае надвор’е ў Цэнтральнай Амерыцы стварыла бутылкавае горла, якое сабрала шмат птушак разам, чакаючы на ўсталяванне пагоды. Некалькі дзён дажджоў сабралі сапраўдную раку птушак, якая затым цякла над намі цэлы дзень”. 

Многія драпежныя птушкі выкарыстоўваюць лунаючы палёт, каб захоўваць максімум энэргіі пад час пералётаў. Для гэтага яны знаходзяць т.зв. тэрмікі – слупы цёплага паветра, якія падымаюцца ад зямлі, і выкарыстоўваюць іх, падымаючыся ўверх і потым лунаючы да наступнага тэрміку. Аднак тэрмікі ўтвараюцца толькі над сушай. Таму ў тых месцах, дзе суша моцна звужаецца – так, як на Панамскім перашэйку – птушкі збіраюцца часам вялізарнымі групамі, каб не ляцець над вадой.

Улікі драпежных птушак-мігрантаў усяго 20 відаў адбываліся ў Панаме з 1 кастрычніка па 18 лістапада і фундаваліся арганізацыяй Fundación Natura.

 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак лунаючага грыфа-індзейкі Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

АНДСКІ КОНДАР АТРЫМАЎ У ЭКВАДОРЫ СПАДАРОЖНІКАВЫ ПЕРАДАТЧЫК + VIDEO

РАЗГАДАНА ЗАГАДКА, ЯКОЙ БОЛЬШ ЗА 150 ГОД

 

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?

ВЯЛІКІ ДЗЕНЬ У ПЕРУ (PERU WORLD BIG DAY): НОВЫ РЭКОРД І БЁДУОТЧ ДЛЯ НАВУКІ, ЗАДАВАЛЬНЕННЯ І АХОВЫ ПТУШАК