Вялікі дзень у Перу (Peru World Big Day): новы рэкорд і бёдуотч для навукі, задавальнення і аховы птушак

Сёлета ў кастрычніку каманда арнітолагаў з Музею прыродных навук ўніверсітэту штату Луізіяна (Luisiana state universuty, LSU) ў Батон Руж (ЗША) на працягу сутак праедзе і прайдзе адмыслова падабраным маршрутам па паўночна-цэнтральнай частцы Перуанскіх Андаў. З вышыні 2500 метраў, дзе расце горны воблачны лес, яны паступова плануюць спусціцца на 1800 метраў ніжэй у дажджавыя лясы, на сваім шляху адзначаючы ўсе сустрэтыя віды птушак. 

І калі пашанцуе і ім дапаможа Pachamama – Багіня Зямлі мясцовых індзейцаў-кечуа, навукоўцы запішуць у свой ліст больш за 331 від.

Папярэдні сусветны рэкорд належыць Паркеру і Робінсану (Parker & Robinson), які яны ўсталявалі ў перуанскім нацыянальным парку Ману на біялагічнай станцыі Cocha Cashu яшчэ ў 1982 годзе пад час даследаванняў, якія яны рабілі для Прынстанскага ўніверсітэту (ЗША). Аднак замест 24 гадзін, арнітолагі змаглі выкарыстаць для назіранняў і пошуку птушак (толькі) 16,5 гадзін, пад час якіх яны без перапынку даследавалі толькі адну квадратную мілю (каля кв км) тэрыторыі нацпарку пешшу і на байдарцы. /Варта нагадаць, што ўсяго для нацпарку Ману адзначана больш за 1000 відаў птушак! – ДзВ/

Каманда LSU будзе выкарыстоўваць класічныя запісы галасоў птушак, створаныя Паркерам і Робінсанам для іх вызначэння, але ў іншым будзе выкарыстоўваць пад час свайго Вялікага дня іншы падыход. З-за розных магчымых перашкодаў (насякомых, змеяў, паліцыйных блок-пастоў, хваробы вышыні, пераменаў надвор’я і гд) іх маршрут будзе не менш цікавым і вычэрпваючым сілы і дух. Аднак гэта будзе не толькі цяжкі фізічны высілак, але і прызнанне ў любві да секцыі арніталогіі Музею, які заснаваў у 1936 годзе і потым ачольваў наступныя 40 гадоў Джордж “Док” Лоўэры (George “Doc” Lowery).

Чаму ж менавіта каманда музею з Батон Руж вырашыла пабіць стары рэкорд, што звязвае гэтых маладых людзей з Перу і Неатропікамі? 

У 1960-я гады менавіта тут пачаўся рэнесанс у палявых даследаваннях птушак Неатропікаў. Тады студэнт Джон О’Нейл (John O`Neill) вярнуўся з паездкі ў Перу і падарыў Лоўэры скурку птушкі, якую ніводны арнітолаг перад тым не бачыў. Яны назвалі новапісаны від “аранжавагорлы танагр” і прыдумалі для яго новы род – Wetmorethraupis – у гонар Аляксандра Уэтмара (Alexander Wetmore) знакамітага папярэдніка і даследчыка птушак Панамы.

Калі ў наступным годзе О’Нейл ізноў вярнуўся з Перу з некалькімі новымі для навукі відамі, Лоўэры вырашыў змяніць галоўны фокус даследаванняў музею з Цэнтральнай на Паўднёвую Амерыку. На працягу наступнай паловы стагоддзя яны арганізавалі некалькі дзесяткаў экспедыцый у Перу, адным з вынікаў якіх стала апісанне больш 20 новых відаў птушак. Акрамя гэтага, колькасць вядомых для гэтай краіны відаў павялічылася з 1600 да амаль 1850. Дзякуючы новым ведам літаральна пісаўся вызначальнік мясцовай арнітафауны, апошняя рэдакцыя якога пад назвай “Birds of Peru” выйшла ў 2007 годзе. 

Скуркі новых відаў птушак, апісаных камандай з LSU у Перу, на фоне вызначальніка: з левага боку чорнатварая кацінга (Conioptilon mchilhennyi), аранжавагорлы танагр (W. sterrhopteron) і пурпуровапалосы барбэт (Capito wallacei).

Стварэнню гэтага выдатнага вызначальніка папярэднічала не менш цікавая, але разлічаная на больш шырокую аўдыторыю папулярная кніга Дона Стэпа (Don Stap) Parrot Without The Name (“Папугай без імя”, 1990), у якой аўтар распавядаў пра прыгоды О’Нэйла, Паркера і цэлага шэрагу іх студэнтаў, якія за гэтыя гады далучыліся да каманды Музэю і паслядоўнікаў Лоўэры на пасту дырэктара: Remsen, Zink, Sheldon, Brumfield. Цяпер спіс іх аспірантаў чытаецца як Хто ёсць Кім у арніталогіі канца мінулага - пачатку нашага стагоддзя.

Многія з іх сталі куратарамі заалагічных калекцый у вядучых музеях ЗША і краін Паўднёвай Амерыкі, іншыя – лідэрамі вывучэння малекулярнай генетыкі птушак ці гайдамі тураў і кампаній, якія паказваюць і назіраюць птушак Неатропікаў. 

Па меры таго, як секцыя арніталогіі Музею пачала прыцягваць студэнтаў з Паўднёвай Амерыкі, яны вырасталі ў выдатных знаўцаў птушак і вярталіся на радзіму. Найлепшыя прыклады – гэта Томас Валькві (Thomas Valqui), які напісаў кнігу “Дзе назіраць птушак у Перу?” (Where to Watch Birds in Peru, 2004) і Аляксандр Алейкса (Alexandre Aleixo) з Museu Goeldi (Бразілія).

Тэд Паркер з апісаным О'Нейлам аранжавагорлым танаргам .

Паркер трапіў у першую экспедыцыю з LSU у Перу ў 1974 годзе, калі меў 21 год. Яго ўражанні і справаздачы ад сустрэч з птушкамі Перу, напісанныя разам з О’Нэйлам у 1980-х, адкрылі сапраўдны паток бёдуотчараў у Неатропікі, бо паказвалі як можна значна павялічыць свой жыццёвы Спіс відаў. Калі некаторыя з іх прасілі Паркера ўзяць іх з сабой, ён не адмаўляў і такім чынам стаў адным з піянераў арганізацыі тураў на птушак у Перу. 

З-за таго, што вялізарная колькасць відаў птушак неатропікаў патрабавала папярэдняй падрыхтоўкі да іх вызначэння, самыя актыўныя бёдуотчары наведвалі музеі з калекцыямі і запісамі галасоў птушак, сустракаліся і задавалі пытанні куратарам калекцый і іх напаўняльнікам. А калекцыя музэю LSU з неатропікаў, цяпер найбуйнейшая ў Свеце, ўжо тады набліжалася да гэтага статусу.

З часоў заснавання музэю Лоўэры, калекцыя ўвесь час папаўнялася актыўнымі студэнтамі, аспірантамі і іх кіраўнікамі, і цяпер яна налічвае больш за 180 тысяч птушыных скурак і з’яўляецца трэцяй па велічыні ўніверсітэцкай калекцыяй прадстаўнікоў авіфауны ў Свеце. Аднак па колькасці сабраных тут генетычных пробаў птушак музэй не мае сабе роўных.

Новае пакаленне арнітолагаў у Музэі LSU

Без сур’ёзных музейных калекцый цяжка сабе ўявіць сучасную таксанамію, а, значыць, і правільныя назвы птушак. Без іх не было б і добрых палявых вызначальнікаў, і навуковых даследаванняў патрэбнага ўзроўню і маштабу. А без апошняга - немагчыма эфектыўная ахова птушак і іх месцаў распаўсюджання…

 

Пакуль артыкул (у скароце) перакладаўся, каманда LSU 16 кастрычніка ўсталявала новы сусветны рэкорд (найлепшым папярэднім вынікам, які, аднак, не прызнаецца АВА, былі 342 віды птушак, адзначаныя ў Кеніі ў 1986 годзе на працягу сутак камандай у складзе Terry Stevenson, John Fanshawe і Andy Roberts):

Колькасць адзначаных відаў (якія прызнаюцца АВА – Амерыканскай асацыяцыяй бёрдынгу) – 354

Віды, адзначаныя ўсімі 4 чальцамі каманды – 339

Усяго адзначаных відаў (разам з тымі, якіх бачыў/ чуў толькі адзін чалец каманды) – 361

Убачаных відаў – 232 (65%)

Адлегласць, якую праехалі на аўтамабіле – 400 км

Усяго відаў птушак, адзначаных на маршруце Вялікага дня перад спаборніцтвам за ўвесь час даследаванняў - 525

 

На верхнім здымку каманда LSU Big Day: Dan Lane, Glenn Seeholzer, Fernando Angulo і Mike Harvey.

Паводле  www.aba.org/birding  (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

З’явіўся першы чалавек, які бачыў больш 9000 відаў птушак!

Сусветны рэкорд – 4341 від птушак, адзначаных на працягу году!

КОЖНЫ ПЯТЫ АМЕРЫКАНЕЦ – БЁДУОТЧАР!

ПЕРУАНСКІ МАРАФОН ЗА ПТУШКАМІ ЗАВЯРШЫЎСЯ ПЕРАМОГАЙ АМЕРЫКАНЦАЎ

Калумбія ізноў першая ў разнастайнасці птушак

 

Comments