Расследаваць злачынствы супраць дзікіх птушак стане лягчэй

Даследчыкі з універсітэту Abertay у Dundee (Вялікабрытанія) прапанавалі новы эфектыўны метад, які дазваляе бачыць адпячаткі пальцаў на пер’е птушак. Гэта можа ў значнай ступені дапамагчы ў расследаванні іх забойстваў або атручанняў, асабліва драпежных, злачынствы супраць якіх сталі параўнальна частымі на Брытанскіх астравах.

Добра вядома, што крыміналісты і дытэктывы паспяхова выкарыстоўваюць адпячаткі пальцаў з 1892 году для вызначэння тых людзей, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў. Аднак паверхня, з якой сляды дотыку пальцаў з індывідуальным малюнкам пальцавых ліній могуць быць сфатаграфаваныя ці нават заўважаныя, звычайна абмяжоўваліся гладкімі і цвёрдымі аб’ектамі. Да гэтага часу на шкарлупінні і, асабліва, на пер’е птушак, заўважыць іх не атрымлівалася.

Новы метад, з выкарыстаннем флюорэсцэнтнага парашку і лазера, дазваляе ўбачыць і зафіксаваць адпячаткі пальцаў той асобы, якая брала птушку альбо яйка ў рукі.

Навукоўцы паспяхова выкарысталі свой метад, каб знайсці і сфатаграфаваць адпячаткі пальцаў на пер’ях шуляка-карагольчыка, канюха-мышалова, чырвонага каршуна, пустальгі, арла-маркута і арлана-белахвоста – тых відаў птушак, якія найбольш часта становяцца ахвярамі нелегальнага знішчэння браканьерамі-паляўнічымі і арганізатарамі паляванняў у Вялікабрытаніі. Па дадзеных RSPB, толькі ў 2013 г. адстрэл, атручванне  ці забойства драпежных птушак з дапамогай пастак было зафіксавана тут у больш, чым 120 выпадках.

Прычына смерці птушак звычайна вядома, альбо параўнальна проста выяўляецца. Аднак знайсці злачынцу нашмат цяжэй. Новая тэхналогія дазволіць як мінімум знайсці таго, хто трымаў птушку ў руках, калі не адразу злапаць таго, хто яе забіў.

Крыніца:
McMorris, H, Farrugia, K, and Gentles, D. 2015. An investigation into the detection of latent marks on the feathers and eggs of bird of prey. Science and Justice DOI:10.1016/j.scijus.2014.12.004

Паводле www.bbc.co.uk (тэскт і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

Comments