“Нашы птушкі” пераляцелі ў Варону

    Пасля амаль двухтыднёвага гасцявання ў фае галоўнага корпусу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, фотавыстава Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ перабралася ў Астравецкі раён.
Там, на працягу бліжэйшага месяца ў памяшканні бібліятэкі з характэрнай і адпаведнай тэме выставы назвай вёскі – Варона – яе і паглядзяць тысячы вучняў мясцовых школаў і жыхароў.


    Пра месца і адмысловыя аўтобусныя туры, правядзенне экскурсій з расповедам пра віды птушак, адлюстраваныя на амаль 50 фотаздымках і віктарыны ды конкурсы для наведвальнікаў з невялічкімі прызамі ад АПБ падбаў былы настаўнік Варонскай школы і актывіст АПБ Станіслаў Памецька.
    Форму знаёмства школьнікаў і жыхароў Астравеччыны з “Нашымі птушкамі” Станіслаў Балеслававіч прыдумаў у мінулым годзе. Загадчыца Варонскай бібліятэкі і аддзел адукацыі пайшлі насустрач, таму не праходзіць і дня, каб у бібліятэцы не гучалі усхваляваныя падгледзенымі момантамі жыцця нашых птушак прыглушаныя галасы здзіўлення. Па словах Станіслава Памецькі, з чацвярга выставу ўжо паглядзелі вучні і педагогі мясцовай школы. Найбольшай папулярнасцю – дарэчы, як і ў Гродна – карыстаюцца здымкі Мікалая Гулінскага, чатырохразовага пераможцы абласнога фотаконкурсу “Нашы птушкі”. Мікалай Іванавіч сапраўды адчувае і здымае моманты з жыцця птушак, якія здзіўляюць іншых.
Калі не перашкодзіць грып, з наступнага тыдня пачнуцца экскурсіі і з іншых школ раёна.

Дзьмітры Вінчэўскі,
Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, Варона-Гродна
Здымак аўтара