Вярхоўны суд Пакістана канчаткова забараніў паляванне на дроп Макк’уіна (Chlamydotis macqueenii), з-за чаго краіна можа мець клопаты з багатымі арабскімі шэйхамі-паляўнічымі з краін Персідскага заліву.
Арніталагічнае таварыства Сярэдняга Ўсходу (Ornithological Society of the Middle East (OSME)) – якое таксама аб’ядноўвае краіны Цэнтральнай Азіі, якія мяжуюць з Пакістанам – нядаўна з гонарам абвесціла пра паспяховае заканчэнне кампаніі за забарону палявання на дропаў Макк’уіна.
Арабскія шэйхі дагэтуль спецыяльна прыязжалі ў Пакістан штозіму паляваць на дропаў з сакаламі не гледзячы на тое, што папуляцыя віду працягвала моцна змяншацца. Напрыклад, толькі ў студзені 2014 году саўдаўскі прынц Фахд бін Султан бін Абдулазіз Аль Саўд здабыў са сваёй світай 2100 дропаў пад час свайго 21-ці дзённага сафары ў правінцыі Balochistan!
Дроп Макк’уіна (Macqueen's Bustard) была вылучана як асобны від з драпы-прыгажуні, або джэка (Ch. undulata) – блізкага віду, які распаўсюджаны ў Паўночнай Афрыцы на аснове большых памераў і невялікіх марфалагічных адрозненняў, а таксама параўнання мітахандрыяльных геномаў. Дроп Макк’уіна сустракаецца ад Сінайскага паўвострава да Індыі, уключна з Араваійскім паўвостравам у стэпавых і пустынных біятопах. Асобныя птушкі пад час пералётаў у ХІХ стагоддзі заляталі нават на Брытанскія астравы, прычым апошні падобны выпадак быў зарэгістраваны яшчэ ў 1962 годзе!
Хуткае змяншэнне папуляцыі на амаль 50% было адзначана на гнездавых тэрыторыях віду ў Казахстане паміж 1998 і 2002 з-за інтэнсіўнага палявання, асабліва на месцах зімоўкі. Штогадовае змяншэнне колькасці птушак з 2004 году на працягу дзесяцігоддзя адбывалася хуткімі тэмпамі паміж 27–30% амаль на усім арэале. Міжнародны саюз аховы прыроды (МСАП) уключыў від у Міжнародны Чырвоны спіс як від, якому пагражае знікненне (VU), цяпер агульная велічыня папуляцыі ацэньваецца ў менш, чым 100 тысяч дарослых асобін. Міжнародны фонд для аховы дропаў (International Fund for Houbara Conservation) пачаў праект па развядзенню джэкаў у няволі і рэінтрадукцыі іх у прыроду.
Пасля судовага выраку ўсе ліцэнзіі і дазволы, выданыя федэральным урадам для іншаземцаў і пакістанцаў былі ануляваныя. Урад правінцыі Baluchistan, дзе і адбываліся паляванні на дропаў, адмяніў усе дазволы і ліцэнзіі яшчэ ў мінулым годзе. Аднак федэральныя ўлады пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Наваза Шарыфа (Nawaz Sharif) працягвалі выдаваць новыя ліцэнзіі, якія цяпер таксама сталі несапраўднымі. Эксперты кажуць, што гэтыя крокі могуць моцна ўскладніць традыцыйна добрыя адносіны паміж Пакістанам і кіраўніцтвам багатых краін Персідскага заліву. Аднак прыродаахоўныя арганізацыі ў Пакістане з энтузіазмам віталі вырак Вярхоўнага суда.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.wildventures.com
На гэтую тэму:
Тэхналагічны прарыў – знікаючая птушка вылупілася з яйка курыцы
ПЕРШЫ ПОСПЕХ У РЭІТРАДУКЦЫІ ДРОПАЎ Ў ВЯЛІКАБРЫТАНІІ
ПАЎДНЁВААФРЫКАНСКІХ ДРОПАЎ ТРЭБА РАТАВАЦЬ
ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ
Крызіс знікненняў паглыбляецца
НА ЗЯМЛІ АФІЦЫЙНА ЗНІКЛІ ЯШЧЭ 13 ВІДАЎ ПТУШАК
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ