Тэхналагічны прарыў – знікаючая птушка вылупілася з яйка курыцы

 Навукоўцы з Центральнай лабараторыі ветэрынарных даследаванняў (Central Veterinary Research Laboratory (CVRL)) у Дубаі паспяхова дачакаліся вылуплення джэка, або хубары (Chlamydotis undulata) з яйка свойскай курыцы. Гэта можа быць вельмі шматабяцальным крокам да ўзнаўлення колькасці знікаючых відаў птушак.

Даследчыкі ўвялі заплодненыя яйкаклеткі (жаўток) джэка ў бялок унутры сурагатнага курынага яйка і тое самае зрабілі з яйкамі джэка (г.зн. увялі заплоднены жаўток у сурагатныя яйкі джэка). Пасля змяшчэння яек у інкубатар і адпаведнай інкубацыі, з “курыных” яек вылупіліся 2 драпы, а з яек джэка – адна, што складае адпаведна 7 і 5% ад усіх выкарыстаных у эксперыменце яек. Генетычны аналіз птушанят паказаў, што гэта генетычна чыстыя птушаняты джэка ў абодвух выпадках выкарыстання курыных сурагатных яек. 

Не гледзячы на тое, што сама тэхналогія павінна быць удасканалена, яна паказвае, што заплодненыя жаўткі рэдкіх відаў могуць быць паспяхова інкубаваныя ў сурагатных яйках іншых відаў. Аднак першая задача, якая можа вырашацца ўжо цяпер, гэта выратаванне зародкаў з пашкоджаных і яек з недастаткова цвёрдым шкарлупіннем. 

Джэк мае статус віда, якому пагражае знікненне. Яго колькасць рэзка зменшылася ў краінах Персідскага заліву з-за неабмежаваных паляванняў (мяса дропаў лічыцца тут афрадызіякам) і стратай месцапражыванняў. 

Даследаванні фундаваў віцэ-прэзідэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, прэм’ер-міністр і кіраўнік Дубаю Яго Вялікасць шэйх Мухамэд бін Рашыд Аль Мактум (Sheikh Mohammed bin Rashid Al Maktoum).

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак маладога джэка Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

ПЕРШЫ ПОСПЕХ У РЭІТРАДУКЦЫІ ДРОПАЎ Ў ВЯЛІКАБРЫТАНІІ

ПАЎДНЁВААФРЫКАНСКІХ ДРОПАЎ ТРЭБА РАТАВАЦЬ