Маладых рудахвостак-чарнушак (Phoenicurus ochruros) усё яшчэ можна адрозніць ад дарослых самак - галоўным чынам па жоўтай абводцы ў аснавання дзюбы. Але яшчэ і таму, што дарослых зараз амаль не бачна - хутчэй за ўсё, самкі наседжваюць другую кладку і таму амаль усе чарнушкі на розных прысадах - гэта маладыя птушкі з першых вывадкаў. Дарослыя іх ужо не кормяць, таму ім прыходзіцца радзіць сабе з пошукам ежы самім.
Прыкладна два тыдні я здымаў час ад часу маладых з трох амаль суседніх вывадкаў - як яны палююць і каго ловяць. Аказалася, што трымаюцца яны па-асобку, максімум - па двое і тады ганяюцца адзін за адным - ці то гуляюць так, ці то вучацца бараніць 'сваю' тэрыторыю..
Выдатны зрок дазваляе ўбачыць насякомае або павука з прысады, доўгія ногі - або дагнаць калі ўцякае, або прызямліцца сярод расліннасці і дастаць адтуль, дзе здабыча сядзіць. Як аказалася - на двух здымках зблізку ніжэй гэта бачна - дапамагаюць у паляванні і рознай даўжыні валосападобныя пёры, якіх нямала вакол дзюбы і зверху, і знізу. Яны вельмі нагадваюць вібрысы ў звяроў, хаця функцыя ў іх троху іншая - дапамагчы схапіць жывую здабычу.
Памеры здабычы і прыналежнасць да розных таксонаў - самая разнастайная. Аднак на апошнім здымку бачна, што восамі маладыя рудахвосткі (ужо?) не цікавяцца і зразумела - чаму)
29.06-09.07.2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ