Дакументацыйныя здымкі
Бераг Нёмана за т.зв. старым мастом ужо добра зарос вербалозам і там усю другую палову вясны спявалі розныя чаротаўкі, у тым ліку - балотная (Acrochephalus palustris).
На прыканцы чэрвеня аказалася, што спявалі недарма. Аднойчы я заўважыў, як дарослая птушка часта носіць корм у адзін з кустоў вярбы, а потым убачыў і птушанё там. Яно яўна нядаўна выпрыгнула з гнязда. Бо здавалася амаль бездапаможным: без хвосціка (ён у гняздзе непатрэбны), кароткімі і недаразвітымі крыльцамі (але, як аказалася пазней - з іх дапамогай можна пералятаць на невялікія адлегласці!). Затое ногі былі моцнымі і яўна абганялі развіццём усе іншыя часткі цела - акрамя дзюбы. Дзюба таксама вылучалася велічынёй. Ну а што яшчэ трэба, каб выпрошваць корм у бацькоў? Ногі ж спатрэбіліся, каб перабірацца па галінах і надзейна трымацца за іх.
Хутка аказалася, што выпрыгнулі з гнязда і іншыя птушаняты, якіх спачатку стала двое, потым - трое, а праз некалькі секунд - чацвёра адно каля аднаго. Час ад часу яны прасілі есці ў сіблінгаў - ну мала лі, можа пакормяць? Але птушаняты яўна не разумелі якія паводзіны лепш абраць, каб хутчэй атрымаць ежу. Мне падаблося, што дарослая птушка, якая іх карміла і для гэтага лятала паблізу на суседні лужок, рабіла гэта адна і прыносіла нешта зусім невялікага памеру, бо ні разу я не змог убачыць нешта, што б памерамі выступала за яе дзюбу.
Птушаняты то трымаліся разам, то перапорхвалі на суседнія галінкі, каб паспрабаваць апынуцца першымі і адзінымі прэтэндэнтамі на ежу.
Адзін з малых (перадапошнія здымкі) час ад часу засынаў на сонейку і атды клаў галаву сабе на сінку і заплюшчваў вочы - яўна паводзіў сябе як у гняздзе.
Прыкладна праз тыдзень я ўжо бачыў птушанят з яўна падрослымі хвосцікамі і крыламі - хутчэй за ўсё яны ўжо распачалі (амаль) самастойнае жыццё недалёка ад месца нараджэння ў суседніх кустах вярбы.
30-06-2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ