Гэтай вясной ужо было столькі пахаладанняў і пацяпленняў, што цяжка іх усе запомніць. Але адно з нядаўніх мне атрымалася, бо дапамаглі ў гэтым ... шпакі (Sturnus vulgaris))
Як яны знаходзяць здабычу там, дзе расліннасць кароткая або яе зусім няма, я раней паказваў ТУТ.
А вось калі трава адрастае і ўжо роўная іх росту і вышэй, яны не вельмі любяць харчавацца ў такіх месцах. Самая галоўная прычына, напэўна, меншая бяспека - драпежнік з паветра (шуляк-карагольчык або нават сокал-пустальга) ці з зямлі (коцік) можа быць зўважаны запозна, нават калі шпакоў харчуецца некалькі ці некалькі дзесяткаў побач.
Іншая магчымая прычына - можа быць, што ў такіх месцах земляныя чарвякі і лічынкі насякомых апускаюцца трошкі ніжэй ў глебе ці карані расліннасці становяцца больш шчыльнымі і даставаць здабычу адтуль становіцца цяжэй.
Так ці інакш, але калі я заўважыў 'паляванне' шпакоў у адрослай траве, адначасова ў той жа дзень адбыўся падвойны вылет нейкіх мурашоў і нейкіх камароў. Было іх шмат, яны круціліся ў паветры вакол любой расліннасці ад травы да высокіх дрэваў і сядзелі на ёй.
Грэх было шпакам не скарыстаць такі вылет “ежы”, вядома, зусім дробнай, але масавай і вельмі даступнай, таму птушкі хадзілі і бегалі, збіралі яе і групамі, і паасобна. Некаторыя адляталі з поўнымі дзюбамі на другі бераг ракі - карміць птушанят, аднак большасць проста харчавалася халяўнымі насякомымі. Тым больш, было холадна і энергія патрабавалася проста каб харчавацца.
А на наступны дзень стала цёпла. Мурашак і камароў стала яўна менш і шпакі вярнуліся да свайго звычайнага прачэсвання 'газонаў' з дпамогай дзюбы.
Гродна, 28-04-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ