Сёлета ў гарадах атрымаўся невялікі цуд. Ён вельмі ярка паказаў, як працуе харчовая піраміда, праўда, яшчэ без апошняга ўзроўня)
. Не ведаю,з чым дакладна звязана адмена маштабнага кашэння любой травяністай расліннасці ў гарадах, але вынік атрымаўся для ўсіх узроўняў піраміды і, канешне, птушак, проста цудоўны!
Мала таго, што вельмі хутка для насеннеядных відаў паспявалі дзьмухаўцы: спачатку на заходніх схілах, потым на паўднёвых, потым на усходніх і паўночных, і, нарэшце, на роўных газонах. І імі пастаянна харчуюцца зелянушкі, канаплянкі, шчыгелы, еўрапейскія ўюркі, палявыя і дамовыя вераб'і і час ад часу берасцянкі, зразумела, што такое багацца расліннасці не магло застацца без разнастайных насякомых.
І тут ужо карысць з няскошаных газонаў пачалі атрымліваць і пераважна насякомаедныя птушкі!
Тыдзень таму, ужо на змярканні, я ўбачыў незвычайныя паводзіны самца-рудахвосткі-чарнушкі - ён завісаў ля муроў вялікага будынка і яўна нешта збіраў на іх:
Я зрабіў некалькі здымкаў і ўжо ў хаце ўбачыў, што гэта былі, здаецца, чорныя мухі з доўгімі нагамі.
Час ад часу побач і на суседняй сцяне да яго далучаліся вераб'і і таксама збіралі тых жа насякомых, якіх, напэўна, стала адразу і заўважна шмат:
А ўжо з наступнай раніцы і да сённяшняга вечара я пастаянна назіраю, як поўныя дзюбы разнастайных насякомых: якія сотнямі тысяч хаваюцца ці пералятаюць сярод рознай расліннасці, пастаянна збіраюць сваім птушанятам шпакі.
Найчасцей гэта проста прачэсванне і непасрэдны збор, часам яны падлятаюць трошкі ўверх і хапаюць тых,хто сядзіць вышэй. Але што гэта сапраўдны пір - сумнявацца няма як.
Дарослыя птушкі даволі хутка вярталіся збіраць на газоны насякомых зноў і зноў.
Таму часам у прыродзе і сапраўды ўсё вельмі проста працуе: будуць расліны - будуць насякомыя - будуць птушкі і будзе чым ім выкарміць птушанят.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ