Дакументацыйныя здымкі
Знаёмыя, высокія і рэзкія гукі на беразе Нёмана нечакана нагадалі, што лета пераваліла на другую палову і недзе побач 'верашчаць' бацькам пра тое, што галодныя, злёткі рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) з другога сёлета вывадку.
Аднаго з птушанят было цяжка не заўважыць - ён сядзеў зусім адкрыта на агароджы набярэжнай, другі ж не менш гучна нагадваў пра сябе ў некалькіх метрах збоку з нізкіх кустоў ажыны. Самка, якая карміла іх не радзей за раз у 5 хвілін, ведала як змяніць выбар 'адкрытага' на больш бяспечны. І гэта аказаўся не трэск трэвогі, а чаканне з ежай на свайго падлетка ў некалькіх метрах ад месца, дзе ён сядзеў. І кожны прынос ежы аказваўся ўсё бліжэй да густых і высокіх вербаў побач, куды, у рэшце рэшт, яна і 'завяла' злётка.
Аказалася, што не гледзячы на свой вельмі дзіцячы выгляд, малы ўжо выдатна лятае і мог бы - калі б захацеў - пераадолець адлегласць ад агароджы да бяспечнай вярбы за адзін раз. Але пэўна думаў, што на адкрытым месцы маме будзе яго лягчэй знайсці і накарміць)
Гродна, 25-07-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ