Звычайна чым даўжэй за нечым назіраеш у прыродзе, тым больш нюансаў заўважаеш і лепш выяўляюцца заканамернасці паводзін і ўзаемадзення жывёл з наваколлем. Але праблема ў тым, што збіраецца ўсё больш і больш здымкаў і відэа, і каб апрацаваць гэтую вялікую колькасць кантэнту, трэба ўсё больш і больш часу і таму самыя працяглыя і часам самыя цікавыя назіранні застаюцца неапублікаванымі, або абнародуюцца толькі самыя яркія - і кароткія – моманты .
Так атрымалася і з нашымі назіраннямі за белымі бусламі (Ciconia ciconia), якія мы праводзілі з Юрыем Лукашэнкай на працягу некалькіх сезонаў на гарадзкой звалцы пад Гродна. Потым здарыліся два гады перапынку і вось я зноў пабываў там і прыкладна гадзіну назіраў за бусламі і нашым смеццем.
У гэты раз там было пад 200 птушак, прычым пастаянна адзінкавыя буслы адляталі і іншыя прыляталі. Калі ведаць, што макімальная колькасць, адначасова адзначаная намі на звалцы была толькі аднойчы троху больш за 400 белых буслоў, а ў іншыя разы паміж сотняй і двума, то гэта не павінна здзіўляць. Іншая справа, што сярод птушак было параўнальна шмат маладых, якія нядаўна выляцелі з гнёздаў - яны добра заўважныя на некаторых здымках, бо маюць карацейшую і больш цёмную, з чорным канцом дзюбу. Здаецца, што ў такой прапорцыі маладыя/'дарослыя' (неполаваспелыя з мінулых гадоў і сапраўды дарослыя) я буслоў на звалцы яшчэ не бачыў. Гэта значыць, што птушаняты актыўна вучацца здабываць, ці хутчэй знаходзіць сабе ежу сярод нашага смецця адразу пасля вылету. Ці скарыстаюць яны з падобнай магчымасці ў пазнейшым жыцці калі яна прадставіцца, здаецца, рытарычнае пытанне.
Цяжка лакладна сказаць колькі сярод 'дарослых' на звалцы неполаваспелых і тых, што прылятаюць туды за ежай для сябе і птушанят і адлятаюць на свае гнёзды. Справа ў тым, што знешне яны не адрозніваюцца. Але калі тых птушак, якія пастаянна знаходзяцца на самой звалцы ці паблізу яе лічыць неполаваспелымі і адпаведна, негняздуючымі, то такіх там яўная большасць.
Цікавыя вынікі з захаду Еўропы:
Ежа са звалак аказалася лепшай для птушнят белага бусла за прыродную
---------
З таго боку звалкі, з якога можна да яе пад'ехаць для назіранняў, слой смецця за мінулыя гады значна павялічыўся да самай агароджы і дзякуючы гэтаму атрымалася паздымаць некаторых буслоў параўнальна блізка. У іншым жа, здаецца, нічога значна не змянілася.
Кожныя 5-10 хвілін на звалку прыязджаюць машыны з новымі порцыямі смецця і тыя з буслоў, якія ў гэты час галодныя, злятаюцца часам пад самы яго 'паток', каб першымі знайсці там 'самае смачнае'. Тое самае адбываецца і калі (часцей пад вечар) бульдозер пачынае разраўніваць і умінаць навезеныя за дзень 'пагоркі смецця' - тады буслы і чайкі часта кідаюцца амаль пад гусеніцы і разраўнялку. Ніякіх іншых заканамернасцяў па часе актыўнасці буслоў на звалцы ўбачыць не атрымалася: тыя, хто галодны ў гэты канкрэтны час, можа хадзіць і шукаць ежу сярод і параўнальна старога, і сярод параўнальна свежага смецця. А хто не галодны, можа стаяць недзе побач на самой звалцы або на невялікай адлегласці побач з ёй.
Буслы на звалцы, асабліва калі ядуць са смецця, не баяцца ні людзей, ні сабак, ні машын, ні бульдозера побач. І хаця і трымаюць невялікую дыстанцыю бяспекі, аднак адбягаюць ці радзей адлятаюць толькі калі яна парушаецца. Узлятаюць у вялікай колькасці ці нават ўсе нечакана, без бачнай на тое прычыны, прыкладна раз у гадзіну і потым большасць сядае назад на звалку, а невялікая колькасць адлятае. Часам кіроўцы смеццявозаў гучна стукаюць задняй закрыўкай кузава, каб смецце вывалілася па-максімум. Гэты гучны гук таксама палохае буслоў, але звычайна не ўсіх, а тыя дзесяткі птушак, што 'ядуць' побач.
Пра адзін з падобных узлётаў, пад час якога птушкі хутка знайшлі тэрмік (паток цёплага паветра, які падымаецца і падымае і буслоў) я і зрабіў кароткае відэа:
Гродзенскі раён, 07-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ