Калі амаль два тыдні перад гэтым адбыўся першы масавы вылет гарадзкіх ластавак (Delichon urbica), іх было прыкладна ў 1.5 разы менш, чым цяпер. І калі лічыць, што з кожнага паспяховага гнязда выляцела па 5 птушанят, то прыкладна 300 птушанят, якіх я налічыў цяпер, гэта злёткі з прыкладна 60 гнёзд.
Цікава, што птушаняты ў гэты раз адразу 'падзяліліся' на дзве групы і адначасова сядалі і на правады-расцяжкі завадзкіх комінаў, і на лісты вяза побач. І хаця, напэўна, некаторыя з іх часам сядалі пасля ўзлётаў то тут, то там, але мне падалося, што большасць ўсё ж прытрымлівалася свайго выбару і раз за разам сядала альбо на правады, альбо на вяз. Таму ўмоўна я іх падзяліў на "вясковых гарадзкіх ластавак" (выбіралі вяз) і "гарадзкіх гарадзкіх ластавак" (выбіралі правады-расцяжкі).
І праз нейкі час аказалася, што іх сацыяльныя гульні ў заняццё і падтрымку нейкага іерархічнага становішча на прысадах ідуць падобна. Хаця агульны ўзлёт, які адбываўся часта нават без дай прычыны ў выглядзе пралёту побач шуляка-каргольчыка, шэрай вароны ці вялікага галуба, паказаў, што з правадоў злятаюць усе ластаўкі, а з лістоў вяза - не. У групе "сельскіх гарадзкіх" пасля разлёту вяртанне на лісты адбывалася прыкладна з той жа хуткасцю, што і "гарадзкіх гарадзкіх" на правады, але з-за таго, што агромныя ў параўнанні з памерам ластавак лісты яўна хавалі частку птушак, якія на іх уладкоўваліся, колькасць канфліктаў за магчымасць сядзець менавіта на тым жа лісце, была заўважна меншай. Але і на вязе яўна не ўсе птушкі былі гатовы займаць самыя верхнія лісты і потым бараніць сваё месца на іх. Яшчэ цікава, што і там, і там агрэсіўныя выпады з раскрытай дзюбай і спробамі дзюбнуць звычайна адбываліся 'зверху ўніз' і вельмі рэдка ад ніжняй ластаўкі ў бок верхняй.
Справа тут хутчэй за ўсё ў тым, што каб займаць верхнія пазіцыі ў іерархіі (і фізічна на лістах ці нахіленых правадах), трэба быць гатовым выдаткаваць на абарону свайго становішча больш энергіі, чым на больш нізкіх. Але часам толькі сядзець вышэй за іншых недастаткова і трэба пастаянна дэманстраваць сваю гатоўнасць да канфліктаў 'за верхняе месца'. А для гэтага трэба або правяраць сапраўдны статус тых, што ўжо раней за цябе селі высока (ці найвышэй) і спрабаваць прагнаць іх адтуль, або раз за разам займаць самыя высокія месцы і старацца іх утрымаць ад 'атак' іншых прэтэндэнтаў. Так, з часам, на іх прэтэндуюць толькі сапраўды энергетычна гатовыя да гэтага дамінанты. А для гэтага трэба пастаянна рабіць агульныя ўзлёты і займаць нейкія пазіцыі на правадах і вязе зноў і зноў. Заадно і ўменне лятаць і сядаць выдатна трэніруецца)
На нахіленых правадах некаторыя птушкі (як і на вязе) адразу пасля разлёта выбіралі сабе пазіцыі значна ніжэйшыя за верхнія, і хаця і там - нават пры наяўнасці побач вольных месцаў для пасадкі - часам адбываліся канфлікты 'за месца', аднак адбывалася гэта значна радзей за верхнія. І таму правады паступова запаўняліся ластаўкамі па ўсёй іх даўжыні, спачатку з 'прабеламі', а потым усё гусцей і гусцей птушкі шчыльна займалі ўсю прастору. Як гэта выглядала, можна ўбачыць на здымках ніжэй. Але доўга так птушкі не сядзелі: агульны ўзлёт, 1-2-3 хвіліны палёту навокал і зноў пасадка з пошукам 'свайго месца'.
Зразумела, што можна і не ўдзельнічаць у падобных сацыяльных гульнях з вызначэннем статусу. І вельмі магчыма, што некаторыя ластаўкі, якія 'хаваліся' у лісці вязу і не ўзляталі, так і рабілі. Але на правадах схавацца няма як і застацца пасля ўзлёту ўсіх іншых птушак немагчыма - усім адразу зразумела што той, хто пазбягае падобнай праверкі гульнёй, не можа і яўна не прэтэндуе на высокі іерархічны статус.
Цяжка сказаць, наколькі падобныя сацыяльныя гульні (акрамя безумоўнай трэніроўкі здольнасці да палёту і пасадкі ў абраным месцы) важныя ў хуткім самастойным жыцці ластавак. Але калі яны адбываюцца і менавіта ў першыя дні пасля вылету з гнязда, магчыма спатрэбяцца ім потым.
Гродна, 02-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ