Першая палова лета хутка прамільгнула і ў пачатку другой паловы масава выляцелі са сваіх складаных гнёздаў маладыя гарадзкія ластаўкі (Delichon urbica).
У маладых ластавак зусім няма чорна-сіняга адцення на пер'е і крылы з хвастом у іх карацейшыя, чым у дарослых птушак. Яны хутчэй карычневыя зверху і нават на белым нізе цела нейкі час пасля вылету можна заўважыць рэшткі больш ці менш карычневага колеру на шыі.
Першыя дні гэтая моладзь у нас найбольш ахвотна займае правады, якія пад вуглом каля 45 градусаў падтрымліваюць коміны ды іншыя рэшткі абсталявання былога бровара над яго дахам. Тут яны не толькі стараюцца пазбавіцца ад пухаедаў ды іншых непажаданых экзапаразітаў, але і рассмароўваюць выдзяленніхвастцовай залозы па сваім пер'і. Робіцца гэта для таго, каб атрымаць добрую дозу вітаміна D - ён утвараецца пад уздзеяннем сонечных промняў з правітаміна, які ўтрымліваецца ў выдзяленнях залозы. Калі птушкі чысцяць пер'е, яны з'ядаюць вельмі неабходную асабліва маладым птушкам дозу вітаміна, які рэгулюе засваяльнасць у арганізме кальцыя. Зразумела, што ў гнёздах птушаняты не маглі атрымаць сонца столькі, каб яго хапіла для гэтага і зараз карыстаюцца гэтай магчымасцю.
Прыкладна раз у 5-10 хвілін, пасля крыкаў трывогі на палёт шэрай вароны ці шуляка-карагольчыка побач, а часам і без крыкаў, уся моладзь уздымаецца ў паветра і нейкі час лятае недалёка амаль як жамяра, якой яны харчуюцца. А далей адбываецца гульня з элементамі ўсталення сацыяльнай іерархіі, у якой, аднак, удзельнічаюць не ўсе птушкі. А тыя, што ўдзльнічаюць, стараюцца сесці на правады з самага іх верху і часам сядаюць на ўжо занятыя месцы, вымушаючы саступаць іх сабе. І паступова правады ізноў 'запаўняюцца' маладымі ластаўкамі, зверху ўніз.
Праз дзень пасля вылету маладыя птушкі ўсё часцей выбіраюць замест правадоў лісты вяза побач. Лістоў многа, яны вялікія і выдатна трымаюць ластавак. Але і тут адбываецца тая ж гульня, што і на правадах - некаторым птушкам падабаюцца тыя лісты, на якіх ужо сядзяць іншыя) Толькі тут актыўная абарона свайго месца часам дапамагае застацца на ім даўжэй.
Чым харчуюцца маладыя гарадзкія ластаўкі першыя дні пасля вылету з гнязда, я не разумею. Ні разу не бачыў каб маладых кармілі дарослыя ні на прысадзе (як гэта робяць першыя дні вясковыя ластаўкі), ні ў паветры (як гэта робяць вясковыя ластаўкі праз 5-7 дзён пасля вылету маладых). Некаторыя птушкі, здаецца, нешта здзёўбвалі на істах вяза калі сядалі на іх (два апошнія здымкі), але нават калі гэта была тля ці іншыя насякомыя падобнага памеру, наўрацці гэтага б хапіла як паўнацэннай ежы.
Таму, хутчэй за ўсё, маладыя птушкі могуць лавіць жамяру ў паветры адразу пасля вылета з гнязда?
А пакуль моладзь засвойвае жыццё па-за гнёздамі, (як мінімум некаторыя) дарослыя ластаўкі спарваюцца. Будзе і другі вывадак за сезон?
Гродна, 19 і 21.07.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ