Здавалася, што вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) лятаюць і шчабечуць ці пакрыкваюць недалёка ад ракі як і ў мінулыя дні, але нешта ў іх паводзінах як бы няўлоўна змянілася. І даволі хутка я зразумеў - што.
Аказалася, што на адной з галінаў ясенелістнага клёна, якія разам з кустамі чорнай бузіны выраслі ўздоўж агароджы былога піўзавода, чакаюць на ежу ад бацькоў два злёткі ластавак! Таму і як мінімум некаторыя дарослыя птушкі лятаюць і 'гучаць' інакш.
Хаця асаблівай неабходнасці пералятаць у птушанят не было - бо бацькі з ежай знаходзілі іх у любым месцы, насамрэч яны пастаянна павінны былі вырашаць даволі складаную (асабліва для іх узросту і зусім невялікага досведу) задачу. А я на была ў тым - дзе лепш сядзець, каб было бяспечна, каб бацькі заўважалі часцей і прыляталі карміць хутчэй і каб было не страшна сядзяць самотна, без сіблінга(ў) побач. Бо калі сядзець з сіблінгамі, бацькі могуць першым пакарміць не цябе, а яго. Таму маладыя ластаўкі час ад часу пераляталі, але недалёка ад месца, дзе я іх упершыню заўважыў - фактычна гэта была адлегласць толькі ў некалькі метраў.
Спачатку я здзівіўся, што першы і самы ранні вывадак у ластавак атрымаўся такім невялікім - толькі двое малых. Бо ў вясковых ластавак можа быць ад 3 да 7 яек у кладцы (і потым адпаведна столькі ж птушанят) і першыя ў гнездавым сезоне і раннія вывадкі звычайна большыя за пазнейшыя ці другія. Аднак на працягу наступных 40 хвілін аказалася, што вывадак паступова 'павялічваўся' у памерах: і да ўжо вядомых мне двух птушанят спачатку далучыўся трэці, потым - чацьвёрты, а пазней пяты і шосты! Так што апісаную вышэй заканамернасць ластаўкі ламаць не збіраліся), прсота трэба было пачакаць пакуль усе птушаняты збяруцца ў адным месцы.
Гродна, 19-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ