Працяг. Пачатак - фота-гісторыі І, ІІ, ІІІ, IV, V, VI, VII і VIII.
Пасля таго, як у сярэдзіне мая было скошана гняздо маёй знаёмай пары шэрых курапатак (Perdix perdix), якія (або іх патомкі?) чарговы сезон спрабавалі гнездаваць у цэнтры гораду, за наступныя больш, чым жва месяцы я іх бачыў толькі двойчы. Першы раз гэта быў пачатак чэрвеня і пара харчавалася ў амаль адзіным нескошаным трымерамі месцы – на пагорку з разнатраўным лужком паміж драмтэатрам і Нёманам, які з-за найбольш частых сустрэч тут птушак я для сябе назваў “лужком курапатак”.
Другая ж сустрэча была вельмі дзіўнай (гл. здымкі 2-4) – на вялікім і амаль ‘голым’ схіле пад старым замкам са скошанай расліннасцю, якая нядаўна пачала адрастаць, я здалёк убачыў адну птушку, якая рыхалася прыкладна паралельна дарозе па цэнтры схілу. Птушка акзалася самцом курапаткі, але пакуль я падыходзіў, каб паназіраць за ім і зняць яго бліжэй, ён ..знік. Было гэта 10 ліпеня.
А яшчэ праз 11 дзён я зноў убачыў курапатак на іх лужку, спачатку самца, а потым і самку. Але паводзілі яны сябе дзіўна. Расліннасць тут была рознай вышыні, але пераважна роўная ці вышэйшая за курапатак. І птушкі рухаліся ў ёй большасць часу па-асобку: самец адыходзіў на некалькі метраў і стаяў там, чакаў самку. А каб яна ‘не заблудзілася’ (гэта я так тлумачыў сабе яго кароткія і негучныя гукі – падзывалкі), час ад часу клікаў яе да сябе. І сапраўды, самка падыходзіла да яго, па дарозе зрываючы насенне з розных раслін. І праз нейкі час усё паўтаралася – самец адыходзіў на некалькі метраў, самка спачатку заставалася, а потым пасля ‘галасавой падказкі’, даганяла самца, які амаль не еў і назіраў за наваколлем. І так пара рухалася спачатку на вяршыню пагорка, а потым на яго край ад дарогі пад драмтэатрам.
І тут адбылося нечаканае і радаснае для мяне назіранне, якое растлумачыла дзіўныя паводзіны дарослых птушак – паміж імі, ад самкі да самца і часам назад перабягалі двое невялікіх птушанят! І гукі самца былі, канешне, не для самкі, а для іх.
Для многіх відаў птушак вядомыя паўторныя спробы гнездавання, калі па нейкіх прычынах першая кладка на ранніх стадыях інкубацыі загінула – як і адбылося ў сярэдзіне мая ў гэтай пары курапатак. Звычайна паўторная кладка меншая, чым першая і ў выпадку маіх знаёмых курапатак замест некалькіх яек пад час першай спробы (магло быць да 20!), самка адклала толькі 2 (?), але ў адрозненне ад першай спробы, змагла паспяхова высядзець з іх птушанят!
10 і 21-07-2023, Гродна
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ