Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Зімародак на валуне: Veni, vidi, vici!

зімародак

Тры дні таму, калі я спускаўся з высокага берага да Нёмана, пачуў знаёмы свіст і быў амаль упэўнены, што зімародак (Alcedo atthis) толькі што зляцеў з самага вялікага валуна ў вадзе, які ў гэты момант закрывала ад мяне высокая прыбярэжная расліннасць. Я не так даўно ўжо бачыў і здымаў яго (ці іншага зімародка) у тым месцы і здзіўляўся, чаму гэтыя 'каралі рыбакоў' не выкарыстоўваюць у якасці прысады самы высокі валун. І вось, здаецца, зімародак быў там, але я не паспеў гэта ні дакладна ўбачыць, і тым больш сфатаграфаваць.

І вось на наступны дзень, хаця неба было шчыльна зацягнута аблокамі і час ад часу з іх на зямлю сыпаліся густыя і дробныя кроплі - тое, што нашы суседзі-палякі называюць mżawka, усё атрымалася! Зімародак сядзеў як раз на самым вялікім і высокім  валуне і назіраў за наваколлем. Я паспеў не толькі палюбавацца ім, але і падыйсці бліжэй ды зрабіць некалькі здымкаў. Потым птушка нырнула пад вострым вуглом недалёка ад валуна, але ці злавіла што я ўжо не ўбачыў, бо адляцела за расліннасць. І мне адразу ўспомнілося знакамітае лацінскае выслоўе: Veni, vidi, vici! (Прыйшоў, убачыў, перамог!)

Як ні дзіўна, на трэці дзень усё амаль паўтарылася - хаця зімародак сядзеў на адным з суседніх камянёў, не такім высокім і вялікім. Адлегласць да яго была большая, ды і здымкаў атрымалася зрабіць толькі чатыры. Тым не менш, хвілін праз 10 пасля таго, як птушка адляцела, атрымаўся 'бонус': адзін зімародак са свістамі амаль у хвост пагнаў спачатку метрах у 5 ад мяне ўздоўж берага, а потым і на супрацьлеглы другога, дзе я іх ужо не знайшоў. 

Нёман у Гродна, 12 і 13-10-2025

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі