У адзін з самых халодных дзён гэтай зімы мы няспешна пераязджалі паміж вёскамі ў пошуках зімовых птушак, але таксама звярталі ўвагу і на звяроў, якія збольшага сустракаліся здалёк: казулі, лісы і нават нейкая мыш, а амерыканскую норку, якая перабягала дарогу ў балота Грайна, мы ледзьве не пераехалі.
І вось пасля чарговага павароту прама перад машынай на уездзе ў вёску мы ўбачылі яшчэ адну ... лісу (Vulpes vulpes)! Адлегласць паміж намі паступова скарачалася, але ліса, хаця і без сумневаў бачыла нас, нават і не думала ўцякаць. Аказалася, што на заснежаным полі, метрах у 60 ад дарогі, стаіць другая ліса! Я спачатку падумаў, што мы сталі сведкамі сутычкі двух самцоў, але хутка аказалася, што я памыліўся. Другая ліса была нават здалёк яўна менш ярка афарбаваная і здавалася троху меншых памераў. А хутка і паводзіны прадэманстравалі хто з іх самец, а хто - самка.
Дык вось, як толькі мы прыпыніліся на дарозе, самец перад намі пачаў павольна, з прыпынкамі, перабягаць у бок поля і 3 ці 4 разы прысядаў і памеціў слуп пры дарозе, камень і снег на полі. Прычым яго перамяшчэнні адбываліся не таму, што ён нас баяўся і ўцякаў, а таму што ён хацеў перамясціцца туды - бліжэй да самкі, якая назірала за ўсім гэтым і чакала яго. Час ад часу ён смешна бег з падскокамі і пры гэтым не згібаў заднія ногі) Такія рухі я бачыў упершыню і не зразумеў, што яны азначалі. Выглядала гэта як нейкае выдурняцтва і дадатковая дэманстрацыя "я зусім іх не баюся" хутчэй для самкі, чым для нас, тым больш адбывалася ўсё гэта метрах у 20-30 ад дарогі і нас у машыне.
Але ўсё добрае хутка заканчваецца, скончылася і гэтая цудоўная і сонечная сустрэча і мы паехалі далей.
Гродзенскі р-н, 01-02-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ