Як балотныя чаротаўкі Птушку году выкармілі

 У самым пачатку чэрвеня каля былой вёскі Астравок (якая цяпер уваходзіць у межы Гродна) у зарасніках крапівы і іншай пустырнай расліннасці я знайшоў гняздо балотнай чаротаўкі.

З першага погляду на яго стала зразумела, што не ўсе яйкі ў гняздзе належаць яго гаспадарам:

Яйка зязюлі вылучалася не столькі афарбоўкай, як памерамі.

Зразумела, што такая ўдача не засталася па-за маёй увагай і я вырашыў задакументаваць самыя важныя моманты з жыцця Птушкі 2014 году ад яе вылуплення да вылету. На шчасце, мае планы цалкам ажыццявіліся!

Аднак пасля таго, як над нашым горадам прайшоў ураган з дажджом, маё наведванне ўнікальнага гнязда мела вырашальнае значэнне для выжывання будучага зязюльчыня. І хаця гняздо было моцна нахілена (разам з крапівой, якая палягла), яйкі былі яшчэ ў ім. Прыйшлося заняцца іх ратаваннем – я выраўняў нахіленыя сцябліны, падпёр гняздо быльняком і звязаў зверху крапіву, ў якую былі ўплеценыя края гнязда. 

Як аказалася, гэта дазволіла вытрымаць гнязду і наступныя выпрабаванні - памерамі адзінага пазасталага ў ім птушаня.

Калі ў наступную пятніцу на гняздзе яшчэ былі ўсе яйкі, то ў нядзелю – толькі зязюльчынё, якое займала ўсё гняздо. Недалёка пад гняздом я знайшоў сапраўднае яйка гаспадароў – зязюльчынё не траціла часу дарма…

Каб лягчэй параўнаць памеры птушанят, ніжэй – гняздо з птушанятамі балотнай чаротаўкі, знойдзенае мной пр. у 150 м ад першага з зязюльчынём. 

Засідка з травяністай расліннасці дапамагла зрабіць цікавыя кадры пры наступных наведваннях унікальнага гнязда, - кожныя 4 дні я наведваў зязюльчынё і здымаў, па магчымасці, кармленне. 

Працэс гэты адбываўся не даўжэй, чым 2 секунды штораз. Таму з прыкладна 250 кадраў у выніку адбору засталося каля 30.

Птушанё расло на вачах, негледзячы на зусім мініатурны памер здабычы, якім стараліся забяспечыць прыёмнае дзіцё чаротаўкі. 

І калі з пачатку зязюльчынё старалася схавацца-ўціснуцца ў гняздо, калі я раскрываў яго для здымак перш чым схавацца ў засідцы, то потым, наадварот, прыўставала, раскрывала дзюбу і падымала пер’е, каб здавацца большай.

25 чэрвеня я зрабіў апошнія фота на гняздзе, а праз 2 дні зязюльчынё ўжо сядзела ў бліжэйшым ад гнязда хмызняку, м у 4 ад роднага гнязда.

Сяргей Чарапіца, фота аўтара

Фоты большага памеру ТУТ

Пра асаблівасці жыцця зязюляў і гнездавы паразітызм можна пачытаць ТУТ

 

 

Каментары

Ананім (госць) - 10.08.2014 - 12:27

In reply to by Harrier

Каля той жа вёски, некальки гадоу таму назирала, як белыя плиски выкармили зязюльчаня. Таксама вельми цикава было назирать, але фотика тады не было. Т.Кажан

Ананім (госць) - 10.08.2014 - 12:33

In reply to by Harrier

Каля той жа вёски, некальки гадоу таму назирала, як белыя плиски выкармили зязюльчаня. Таксама вельми цикава было. Фотки и прауда шыкоуныя, як и назиранне. Т.Кажан