Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Чорны дрозд: час і карміць птушанят, і купацца

чорны дрозд

Амаль дакладна праз два месяцы і амаль дакладна ў тым самым месцы на высокім беразе Гараднічанкі, недалёка ад мяне прызямліўся самец чорнага дразда (Turdus merula), прычым з той жа мэтай - збіраць корм для птушанят. І калі тады, у пачатку мая, ён выкармліваў свой першы ў гэтым сезоне вывадак, то зараз яўна ўжо трэці!

Даволі хутка сярод травы ён набраў прыкладна з палову дзюбы розных насякомых і іх лічынак, а вось далей працэс неяк прыпыніўся, хаця птушка яўна старалася знайсці  больш. Час ішоў і трэба было прымаць рашэньне - ці то працягваць пошукі, ці аднесці знойдзенае і працягнуць іх у іншым месцы. І дрозд выбраў адляцець за агароджу у бок аднаго з дамоў, дзе пэўна ўжо чакалі птушаняты.

Яшчэ праз два дні я няспешна йшоў каля самай вады за двума паваротамі рэчкі ад папярэдняга месца, хаця па прамой паміж імі наўрацці атрымалася б больш за 30-40 метраў. Нечакана ў ваду за высокай расліннасцю апусцілася нешта чорнае, і як мне падалося, вялікае. Няўжо лыска? Але што яна тут робіць, пад высокімі і густымі дрэвамі хаця і на плыткай, але хуткай плыні? Аднак даволі хутка я ўбачыў, што гэта быў самец чорнага дразда, магчыма, мой стары знаёмы з мая. Ён нешта раздзюбаў на камянях на беразе - што гэта было я не бачыў, бо амаль усю птушку прыкрывала расліннасць. А калі ён паказаўся з-за яе, я ўжо быў гатовы і зняў, як ён купаецца ў рэчцы:

А яшчэ праз тыдзень, калі я ўжо знайшоў месца купання розных мясцовых вераб'іных на Гараднічанцы - яно аказалася ўсяго ў некалькіх метрах ад месца апошняй сустрэчы з драздом, гэты ж (?) самец прыляцеў туды ізноў. І хаця я думаў, што ён будзе там купацца, дрозд меў іншую задачу і даволі хутка збоку камянёў і каменьчыкаў, якія выступаюць з вады, назбіраў троху чарвякоў і дробных піявак.  Апускаць дзюбу ў ваду ён не баяўся, а вось сядзеў пад час пошукаў усё ж зверху камянёў, на сухім а не ў вадзе. І як у першым апісаным мной выпадку на беразе рэчкі, нешта ў яго застопарылася з пошукам здабычы і хаця ён шукаў таксама пільна як і раней, але нічога новага пасля пошукаў у дзюбе не з'яўлялася. І як і ў той раз, дрозд адляцеў з тым, што ўжо знайшоў для птушанят.

Ліпень 2023, Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі