Сокалы і Сьвятыя

Сёньня, пасьля візыту ў Бернардынскі касьцёл, дзе абмяркоўваў з ксяндзом-пробашчам а. Антоніем Ханько розныя аспекты паключэньня уэб-камеры да інтэрнету, зноў убачыў на касцёле пустальгу. Яна прыгожа сядзела зусім недалёка ад старога -і будучага - гнязда над статуяй Сьв.Елены.

Пакуль я любаваўся гэтай карцінай, птушка сьляцела і села ніжэй - як раз на выступ каля крыжа, які трымае скульптура! Вось калі я пашкадаваў, што не ўзяў фотаапарат з сабой!

Я патэлефанаваў сыну і папрасіў яго хуценька прынесьці камеру (мы жывем у 5 хвілінах пешкі ад касьцёлу), але пакуль ён прыйшоў, пустальга - а гэта быў самец - узьнялася з гэтага месца, паляцела на адзін з выступаў вежы і села ... на другую птушку - самку, якую я раней не заўважыў. Адна ці абедзьве птушкі сталі звонка крычаць, але спарваньне скончылася праз 2-3 секунды, самка засталася на тым самым месцы, а самец паляцеў і сеў м у 15 ад яе (на верхнім здымку левее).

тут і падаспеў сын з фоцікам. Я паказаў яму птушак і праз некалькі сэкундаў самец вырашыў зрабіцца фотамадэльлю  -ён па чарзе сядаў на дзьве другія скульптуры на фасадзе касьцёлу - спачатку на галаву, а потым на плячо! Выглядала гэта незвычайна і камічна.

Потым, напэўна, яму надакучыла пазіраваць і ён амаль без узмаху крылаў паляцеў у бок тэатру і далей, праз замкі, у бок Пышкоў.

Фотаздымкі

Каментары

Камеры запрацуюць не раней за пачатак наступнага тыдня. Нават каб працавалі б цяпер, паказвалі б пакуль пустую нішу, бо пра тое, што сёньня адбывалася на касьцёле я ўжо напісаў вышэй. Думаю, што ў Брэсьце падобная сытуацыя.

Калегі з таварыства "Сокал", якія маюць камеры на дзьвюх гнёздах вандроўных сокалаў у Польшчы webcam.peregrinus.pl/pkin-warszawa.htm , сёньня прапанавалі бясплатна выкарыстоўваць для нашых трансляцый свой новы сэрвэр!

Так што яшчэ не пачаўшы працу, камэры ўжо аб'ядналі і пазнаёмілі шмат цікавых людзей.