Вясна на поўдзень ад Горадні

Першых птушак я заўважыў яшчэ праз шыбу тралейбуса - некалькі гракоў на ўзбочыне зьбіралі гнездавы матэрыял для сваёй вялікай калоніі на тэрыторыі сапёрнай вайсковай часьці.

Калі праходзіў каля заводу Хімвалакно, нешта прымусіла паглядзець мяне ўверх - так і ёсьць, клін з прыкладна 30 гусей на вялікай вышыні ўжо залятаў за завод. ляцяць на ўсход - значыць, не нашы:) - белалобыя або гуменнікі.

Яшчэ праз сотню метраў - новая сустрэча: двума групамі па 60 і 40 птушак - у бок гораду - праляцелі вялікія галубы, іх белыя плямы на крылах яскрава выдзяляліся на сонейку.

А вось і першы драпежнік! Самец шуляка-карагольчыка павольна падымаўся, час ад часу хутка махаючы крыламі, над палямі фабрыкі агародніны.

Пасёлак Фабрычны сустрэў мяне самцом берасьцянкі, які ўзляцеў метраў з трох, але сьпяваць нават пасьля майго аддаленьня не хацеў. Дзіўна, падумаў я - няўжо яны тут яшчэ не сьпяваюць.

Ў сасновым лесе па краях пасёлка патрэсквалі дразды-піскуны, неяк асабліва "істошна" вапілі чорныя дразды і папікваў вялікі дзяцел. А вось і першая ў гэтым годзе песьня берасьцянкі!

Наступны лес паміж Фбрычным і Вялікай Альшанкай заўсёды цікавы. А тут яшчэ і перад ім ціхенька, але выразна зьвініць гіль! Кусты густыя, і  немагу спачатку ўбачыць ці адзін ён там. Але гэта яна - самка спусьцілася да калужыны і хутка уталіўшы смагу, увесь час пазьвіньваючы, адляцела ў лес.

Лес ужо жыве, хаця дзе-нідзе яшчэ ёсьць невялікія парэшткі сумётаў. Берасьцянкі, сініцы, дразды-сьпевуны і чорныя, пастукваньні вялікіх дзятлаў, "свісты" малінавак напаўняюць лясное паветра і ствараюць дзіўны вясновы настрой. Час ад часу гучна і выразна над лесам гучыць крык жураўля, але колькі я не ўглядаюся ў прасвет паміж дрэвамі, яго не бачу. Можа сядзе дзе каля вёскі?

Вось і Вялікая Альшанка, ці дакладней, развілка да яе. Вырашаю паглядзець, ці занялі ўжо буслы сваё старое гняздо на воданапорнай вежы. Ўглядаюся праз трубу - так і ёсьць - вялікая белая птушка сьпіць на высокай кучы гальля (гл.здымак). Трохі далей - першая для мяне ў гэтым годзе песьня гуменнай стрынаткі і ўжо зусім нечаканае - на дарозе сядзіць шэрая рапуха (гл. здымак)! Мэтраў з 300 яе яшчэ аддзяляе ад машыны, і  тупаючы ззаду, прымушаю рапуху папрыгаць за асфальт! Ну, раз амфібіі павылазілі - значыць сапраўдная вясна!

У тым, што рапушка не адзіная, хто выкапаўся з зямлі на вясновае сонейка. ўпэўніўся праз кіламэтр - на дарозе ўжо ляжала ахвяра сустрэчы з аўтамашынай.

Я ўжо забыў пар жураўля над лесам, але вось ён зноў нечакана і гучна крычыць. Не, не сеў - голас даносіцца з неба - ляціць адзін, можа таму і крычыць?:)

З ляску пачулася такаваьня вялікага голуба, але я вырашаю прайсьці на сухой скошанай шматгадовай траве. Яшчэ каля хімвалакна мяне здзівіла вялікая колькасьць норак палёвак у канаве каля ўзбочыны дарогі. Тут жа норкі і хады грызуноў паўсюль! "Мышыны" год? Але пакуль драпежнікаў, акрамя карагольчыка, я так і не ўбачыў.

Каля балотца (яно цалкам пад вадой) і сажалкі (яе большая частка пада льдом) спыняюся -па ільду бегае і нешта выбірае белая пліска (гл.здымак). А вось і яшчэ 2 жураўля - гэтыя ўжо не крычаць.

І тут паўсюль - нават на ворыве, але не на азімых - шмат норак палёвак. Будзе што есьць драпежнікам!

Пра азімыя асобная гаворка - прыкладна палова іх вымерзла - белыя лісты шмат дзе пераважаюць зялёныя, асабліва кепска ў нізінках. Збоку аднаго поля цячэ сапраўдная рэчка - дагэтуль вада не сыйшла, хоць сьнега даўно няма.

А вось і яго браты - спачатку пачынаецца споры, але дробны дожджык, а потым на некалькт секундаў - дробны град! Але ўсё гэта хутка парходзіць, і сонейка песьціць мае вочы спачатку адной, а потым 2 вясёлкамі!

На далейшым і бОльшым балоце - вада і качкі-крыжанкі, якія ўздымаюцца ў паветра як толькі пачулі мае крокі да вады. Пакрыкваюць лыскі, але я іх не бачу. А з другога боку, каля самай вады харчуецца белы бусел.

Пара назад. Але на адваротным шляху знозў бачу гусей. На гэты раз іх шмат - спрабую здымаць іх праз трубу, каб потым можна было падлічыць. Ужо на кампутары падводжу вынік - каля 220!

У хутка павячаным пасёлку Паўднёвы сьпявае пакуль адзіны, але выразны самец рудахвотскі-чарнушкі і па краях моцна зьменшанага пустыра - 3 гуменныя стрынаткі.

Колькі іх засталося тут, пасьля бурнага будаўніцтва? На гэта адкажуць наступныя выправы на поўдзень ад Горадні.

 

Фотаздымкі