Неяк зусім без энтузіазму я сустрэў прапанову Яўгена С. з'ездзіць у нядзелю на пошукі горнага сьвірстуна.
Па-першае, ў пятніцу ўвечары я добра змерз. Па другое, пахаладала і штодня падаў густы сьнег. Умовы, якія не спрыяюць назіраньням птушак. Але потым пагадзіўся - і не пашкадаваў...
Сярод нас, гарадзенскіх бёдуотчараў, увосень з'явіўся новы сябра - Эдзік Д.. Ён, напэўна, так быў уражаны паездкай з намі на Свіслач і колькасцю-разнастайнасцю тамтэйшай птушынай міграцыі, што стаў з таго часу ездзіць з намі на птушак рэгулярна.
Амаль перад кожнай нашай выправай ён пытае, ці зможам мы там убачыць гілёў? І вось у той раз, як ён з намі не паехаў, яшчэ на дарозе праз Зарачанку мы ўбачылі ... гілёў! Што яны там зьбіралі, засталося таямніцай. Але хутка пераляцелі ў невялікі мясцовы парк, дзе і самцы, і самкі харчаваліся насеньнем ясеняў:
Каля іх шукаў ежу сірыйскі дзяцел. Але гілі не далі магчымасьці сфатаграфаваць дзятла. На пошукі яго ў нас не было часу, бо мы ехалі на ачышчальныя сажалкі ВА ГроднаАзот з цёплай вадой - некаторыя з іх ніколі не замярзаюць.
На сажалках нас чакаў першы сюрпрыз - на самым высокім дрэве сярод замёрзлых сажалак ГроднаВодаканалу побач з "азотаўскімі" дзякуючы трубам нам атрымалася ўбачыць самку пустальгі!
А потым Яўген пачаў з дапамогай ног (выпужваў яго, ідучы як мага бліжэй вады) і рук (стараўся спалохаць хлапкамі) выпугнуў сьвірстуна. Аднак акрамя яго, з трыснягу выляцеў і пераляцеў у іншае месца бугай! Сьвіст Яўгена (я йшоў ўздоўж супрацьлеглага берагу сажалак) адразу зьвярнуў маю ўвагу на незвычайную для зімы (ды і для лета) птушку ў палёце. Але быў моцны сьнегапад, і пакуль я зьняў крышку з аб'ектыву і ўключыў фоцік, бугай як раз сеў у трысьнёг.
Самая вялікая сажалка замёрзла, таму сотні качак пераляталі перад намі з адной сажалкі на іншыя, а потым назад:
Дзесяткі шыпуноў не баяліся нас і нікуды не пераляталі.
Яшчэ нас зусім не баяліся (бо не зьвярталі ўвагу ці не бачылі?) 2 ці 3 пастушкі, якія час ад часу даволі моцна крычалі як нешта сярэдняе паміж парсючкамі і малымі дзеткамі. Адзін з іх выходзіў нават на месцы з абламаным у вады трысьнёгам. Але здымацца таксама "не захацеў".
Усё гэта было цікава, аднак перад Яўгенам пералятаў нейкі сьвірстун, дзеля якога мы сюды і прыехалі. Часам ён падаваў голас усіх сьвірстуноў, які гучыць як "сіп-сіп-сіп". Быў ён вельмі цёмны - як зьверху, так і зьнізу.
Толькі на апошняй, амаль вольнай ад расьліннасьці сажалцы з самай цёплай вадой (яна выходзіць з тэмпературай +20С), нам нарэшце атрымалася здалёк у трубы паназіраць за харчаваньнем сьвірстуна, які бегаў уздоўж берагу і нешта зьбіраў-выхопліваў з вады.
Ў адным месцы каля яго і вады паказалася іншая птушка - трошкі большая, з выразнымі скрайнімі белымі рулявымі - стрынатака-чаротаўка. Пад час пазьнейшага прачэсваньня берагу гэтай сажалкі яе атрымалася сфатаграфаваць зблізу:
Аднак сьвірстун быў нашмат больш асцярожны і бліжэй за 25-30 м нас не падпускаў. Пар ад сажалкі і сьнегапад не дазваляў зрабіць добрыя дакументацыйныя здымкі. Але нешта атрымалася:
У прынцыпе гэта можа быць і скальны сьвірстун, але і месца (тыя ж самыя сажалкі і іх берагі каля адкрытай вады), і паводзіны (вельмі падобныя да горных сьвірстуноў з папярэдніх гадоў) кажуць хутчэй за тое, што гэта менавіта горны.
Даказаць гэта зможа любы, каму пашчасьціць з надвор'ем і пільнасьцю птушкі больш, чым нам.
Пасьля таго, як мы пачалі вяртацца да машыны, большасць птушак вярталася на самыя дальнія сажалкі, і ўвесь спектакль пералётаў сотняў качак у выглядзе некалькіх хмарак, паўтарыўся ў адваротным кірунку.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
AV - 22.01.2013 - 00:11
Наконт сіп-сіп-сіп як у
Наконт сіп-сіп-сіп як у іншых свірстуноў. У гэтым і праблема, што слых у нас дрэнны. УСЕ свірстуны маюць спэцыфічнае сіп-сіп. Дастаткова яго запісаць калі пашанцуе каб вызначыць потым да віда. У першы раз калі мы знайшлі горнага на Зарачанцы мы не змаглі яго добра разгледзець (хаця я бачыў скрайнія белыя рулявыя ў палёце) і Крыстэр адрозніў яго ад некалькіх лугавых менавіта па гуку. Праблема, што мы не толькі слышым меньш за іх, але яшчэ і не ведаем што слышым, калі ўслышым... У xeno-canto.org ёсць многа запісаў горных свірстуноў. Каб запомніць тое што трэба птушказнаўцы ставяць голас рынгтонам і за некалькі тыдняў вывучваюць яго на зубок.
Harrier - 22.01.2013 - 00:21
In reply to Наконт сіп-сіп-сіп як у by AV
Што "сіп-сіп" ва ўсіх відаў
Што "сіп-сіп" ва ўсіх відаў рознае - гэта зразумела. Але з маім слыхам я не маю шанцаў іх адрозьніць, нават калі пастаўлю рынгтонам на месяц.