Украінская арніталагічная сенсацыя: расповед ад першай асобы

чырвоны фламінга

Троху больш за тыдзень мінуў з часу аднаго з найбольш сенсацыйных адкрыццяў у сучаснай арніталогіі Украіны, калі Зеновій Петровіч і Аляксандр Настачэнка 16 верасня ўпершыню выявілі факт гнездавання чырвонага фламінга (Phoenicopterus roseus) у гэтай краіне. Усяго там гнездавала 13 пар, у якіх паспяхова вывяліся 3 птушанят. Ніжэй мы прадстаўляем расповед пра гэтую падзею Аляксандра Настачэнкі для нашага сайту:

Статус чырвонага фламінга ва Украіне – рэгулярна залётны. Пачынаючы з пачатку нашага стагоддзя мы маем больш за 20 рэгістрацый віду для краіны. У Крыму фламінга цяпер адзначаюцца штогод, прыкладна з кастрычніка па сакавік, а сёлета і да траўня яны там трымаліся. Як правіла, да нас залятаюць маладыя і двухгадовыя птушкі.

Для мяне чырвоны фламінга- абсалютны лайфер! Я спадзяваўся ўбачыць яго ў Казахстане пад час экспедыцыі ў гэтую краіну, а таксама ў Азербайджане. Нават спецыяльна хацеў ехаць за фламінга ў Крым каб убачыць новы для сябе від.

Дадзеныя пра фламінга з Херсоншчыны атрымаў з розных крыніц: ад арнітолагаў з Азова-Чарнаморскай арніталагічнай станцыі, праз Фэйсбук ад батаніка і яшчэ ад аднаго арнітолага, які там працаваў у экспедыцыі разам з ветэрынарамі.

Калі мы туды ехалі, то думалі, што там скапленне дарослых птушак і зусім не марылі пра тое, што можа быць гнездавая калонія. Вырашылі проста паехаць паздымаць і паглядзець на групу дарослых птушак.

Меркавалі, што птушкі з’явіліся ў нас летам з-за нейкіх негатыўных наступстваў на месцах гнездавання ў Турцыі.

птушкі

Калі ж убачылі фламінга з пьтушанятамі, то эмоцый амаль не было. Мы наведалі калонію толькі аднойчы, правялі там каля двух гадзін. Стараліся мінімальна перашкаджаць птушкам і не палохалі іх. Спецыялісты па нашых здымках маладых птушак вызначылі іх узрост – ім было каля месяца. А лятаць яны пачынаюць толькі ў 2,5 месяцы і тады памерамі такія ж, як і дарослыя птушкі. Таму ўсе сумневы пра магчымасць таго, што да нас прыляцелі сем’і фламінга, не маюць пад сабой асновы нават калі б мы не знайшлі і не сфатаграфавалі гнёзды.

гнёзды

гняздо

Гэта параўнальна позняе гнездаванне, але яго прычыну мы не ведаем: магчыма птушкі позна прыляцелі да нас. Дакладнае месца гнездаванне не паведамляем, каб забяспечыць максімальную бяспеку птушак. Птушанят кальцаваць не збіраемся – ды іх і не злапаць ужо, завялікія.

 

Аляксандр Настачэнка для www.birdwatch.by

Здымкі аўтара

 

 

На гэтую тэму:

Потенциальные новые виды птиц для Беларуси: кто они?

У ФАУНЕ БЕЛАРУСІ З’ЯВІЎСЯ НОВЫ ГНЯЗДУЮЧЫ ВІД ПТУШАК – ШЫЛАДЗЮБКА!

СІБІРСКІЯ ВІДЫ ПТУШАК У ПОЛЬШЧЫ: ЯК ГЭТА БЫЛО СЁЛЕТА

Новы для Латвіі від птушак адкрыў арнітолаг з Рыгі

ЯК МЫ ГЛЯДЗЕЛІ ДРУГОГА ДЛЯ ПОЛЬШЧЫ ЖАЎТАНОГАГА КУЛІКА