Новае даследаванне сведчыць, што абрысы крыла птушак могуць змяняцца з часам як адказ на змены ў наваколлі, асабліва на фрагментацыю лясных біятопаў. Андрэ Дэсрашэрс (André Desrochers) з Цэнтру лясных даследаванняў універсітэту Ляваля ў Квэбэку (Laval University, Quebec) знайшоў, што пад час таго, як за мінулае стагоддзе вялізарныя барэальныя лясы Канады шмат дзе былі высечаныя, птушкі, якія жывуць у спелым лесе, змянілі форму крыла на больш завостраную на канцах.
Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Ecology і былі атрыманыя пад час параўнання марфалогіі 21 віду лясных птушак – як тых, што тыповыя для маладога лесу, так і тых, што сустракаюцца амаль выключна ў спелых кавалках дрэвастояў.
Дэсрашэрс прамераў 851 скурку птушак з калекцыі Канадзскага музею прыроды ў Gatineau, Quebec, і Карнельскай лабараторыі орніталогіі (Cornell Lab of Ornithology). Птушкі са спелых частак лесу, такія як бурагаловая сініца (Parus hudsonicus), паказалі найбольшыя змены за апошняе стагоддзе. Іх махавыя першай ступені падоўжыліся ў сярэднім на 2.23 мм.
Даследчык пастуляваў, што актыўнасць чалавека зрабіла спелыя кавалкі лесу адстаячымі адзін ад аднаго, таму сённяшнія птушкі павінны лятаць далей, каб знайсці падыходзячыя для гнездавання тэрыторыі. А такія “дадатковыя” палёты маглі прывесці да падтрымання адборам больш даўгакрылых птушак.
Падобныя змены былі адзначаныя і ў мігрыруючых папуляцыях ў параўнанні з аселымі асобінамі ў некаторых відаў. Мексіканскія чаромашнікі (Carpodacus mexicanus), якія ва ўсходніх штатах ЗША мігрыруюць, маюць больш завостраныя крылы, чым аселыя птушкі з заходніх штатаў.
Больш паўднёвыя птушкі са спісу даследчыка, такія як чырвоная танагра (Piranga olivacea) і лімоннагаловая амерыканская сініца (Wilsonia citrina), здабытыя ў лясах Новай Англіі, мелі тэндэнцыю да больш акруглых канцоў крылаў. Восем такіх відаў, якія таксама выбіраюць спелыя лясы, паводле яго прамераў, “страцілі” за сто апошніх год у сярэднім 2,37 мм даўжыні сваіх першаступенных махавых.
Завостраныя канцы крылаў лепш адпавядаюць працягламу палёту. Аднак папярэднія даследаванні паказалі, што падоўжаныя пёры таксама “каштуюць” – у лясным асяроддзі, сярод частых галінак рознага памеру і формы, акруглыя крылы дазваляюць на больш манеўраны, ўвішны палёт.
Даследчык адзначыў, што пакуль не зразумела, ці знойдзеныя адрозненні сапраўды падмацаваныя і генетычнымі зменамі, якія, ў такім выпадку, былі б вымушаныя назапашвацца параўнальна хутка.
Здымак амерыканскай бурагаловай сініцы з www.flickr.com
Паводле www.birdwatching.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
grusdima (госць) - 16.02.2010 - 11:40
на это ссылке есть еще