Вялікія сініцы выгадавалі птушанят сініх сініц як сваіх

Пара вялікіх сініц (Parus major) паспяхова выгадавала не толькі некалькі сваіх птушанят, але і двое чужых - ад сініх сініц (Cyanistes caeruleus). Адсачыць увесь працэс ад інкубацыі яек да выкармлівання птушанят атрымалася дзякуючы выкарыстанню ў дуплянцы он-лайн камеры. 


Он-лайн трансляцыі з гнёздаў розных відаў птушак, якія становяцца ўсё больш і больш папулярнымі ў апошнія гады, не толькі паказваюць рэальнае жыццё дзікіх птушак шырокай публіцы, але часам даюць навукоўцам магчымасць убачыць і незвычайныя выпадкі. Адна з падобных камер, размешчаная ў дуплянцы-сінічніку ў RSPB Lodge Forest Visitor Centre, дапамагла ўбачыць незвычайнае захаванне пары вялікіх сініц.


Занятую вялікімі сініцамі дуплянку знайшлі і агледзелі ў чэрвені. Два яйкі ў кладцы яўна належалі іншаму віду, бо добра адрозніваліся знешне. Птушаняты вылупіліся з усіх яек адначасова, і, негледзячы на значна меншыя памеры птушанят сіняй сініцы, яны далі сабе рады і паспяхова выляцелі з гнязда прыёмных бацькоў разам з сіблінгамі вялікіх сініц.


Падобныя паводзіны цяжка назваць зусім унікальнымі для абодвух відаў. Аднак гэта першы вядомы выпадак, які атрымалася адсачыць он-лайн камеры. Справа ў тым, што некаторыя выгодныя месцы гнездавання могуць падабацца абодвум відам, і калі яны ўжо занятыя меншымі па памерах сінімі сініцамі, вялікія сініцы могуць захапіць іх нават калі там ужо ёсць яйкі папярэднікаў.


Эмі Кіркбрайт (Ami Kirkbright), прадстаўнічка RSPB Scotland, сказала: "Было вельмі незвычайна назіраць за гадаваннем гэтага змешанага вывадка. Ніхто да нас не меў магчымасці бачыць нешта падобнае на ўласныя вочы і мы з цікавасцю назіралі за развіццём сытуацыі ў сінічніку. Мы выкарыстоўваем он-лайн камеры ў нашым цэнтры і на гняздзе скапы, і на некалькіх відах соваў, а таксама сочым за жыццём іншых дзікіх жывёл: лясных куніц, звычайных вавёрак. Аднак сям'я сініц стала сёлета сапраўднай зоркай - не толькі для мяне, але і для нашых наведвальнікаў".


З таго, што было вядома пра далейшае жыццё падобных прыёмных сініх сініц, яны пачыналі яго, мяркуючы што яны вялікія сініцы. І іх неадпаведныя ўласнаму віду песні і пазыўкі змяняліся на правільныя толькі праз нейкі час.


З папярэдніх назіранняў за абодвума відамі вядома таксама пра нашмат больш рэдкія выпадкі выгадоўвання птушанят вялікіх сініц прыёмнымі бацькамі з сініх сініц. Але такія птушкі таксама маюць праблему з правільнай самаідэнтыфікацыяй.


Паводле www.rspb.org.uk (тэкст і скрыншот з камеры) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Вялікая сініца збудавала гняздо вялізарных памераў

Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы
Позняе гняздо сокала-пустальгі ў Брэсце: адна загадка разгадана, другую можам разгадаць усе разам

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця