Жаўрука, сфатаграфаванага ў Эфіопіі, не могуць вызначыць да віду

Вельмі значнае адкрыццё зрабіў Дэвід Годд’інот (David Hoddinott) пад час правядзення тура для бёдуотчараў у Эфіопіі – ён сфатаграфаваў жаўрука з роду Heteromirafra.

Дэвід піша пра сваё адкрыццё так: "Я вандраваў па Паўночна-Усходняй Эфіопіі з групай бёдуотчараў, дзе мы наведалі аддалены раён Jijiga, які практычна не наведваюць іншаземцы. На ўсход ад гарадка мы ўбачылі выдатныя лугі, якія маглі б адпавядаць жаўрукам з роду Heteromirafra і вырашылі пашукаць іх там."

На сёння вядомыя тры віды з гэтага роду. Ўсе птушкі з параўнальна вялікай галавой, невялікім целам і кароткім хвастом, якія жывуць на лугах. 
Гэта жаўрук Радда (Heteromirafra ruddi) – эндэмік Паўднёвай Афрыкі, дзе гняздуе на абмежаванай тэрыторыі дзікіх высакагорных лугоў.
Другі від – гэта сідамскі жаўрук (Heteromirafra sidamoensis), які насяляе выключна раўніны Liben у паўднёвай Эфіопіі. Да нядаўняга часу меў статус Крытычна знікаючага віду, але цяпер BirdLife International зрабіла сумны прагноз пра тое, што гэты жаўрук можа быць першым відам птушак кантынентальнай Афрыкі, які знікне.
Трэці від – жаўрук Эрчэра (Heteromirafra archeri), якога не бачылі з 1922 году! Від вядомы толькі з двух месцаў Самалі, дзе быў закалекціраваны ў 1922 годзе. Ніводны жывы арнітолаг ці бёдуотчар не бачылі гэты від!


Дэвід працягвае: “ Праз дзесяць хвілін нашага шпацыру праз гэты луг мы выпугнулі жаўрука з роду Heteromirafra і я здолеў зрабіць некалькі здымкаў гэтай птушкі. Гэтыя мясціны падобныя да раўнін Liben, аднак яны знаходзяцца на адлегласці 590 км ад іх на паўночны ўсход – гэта сур’ёзная адлегласць. Мы таксама знаходзіліся прыкладна ў 90 км ад месцаў, дзе быў некалі дабыты жаўрук Эрчэра ў Самалі.”
Такім чынам, калі гэта быў сідамскі жаўрук – гэта будзе фантастычная навіна для ўсіх, хто стараецца яго выратаваць ад знікнення. Калі гэта быў жаўрук Эрчэра – гэта нават больш цікава, бо тады яшчэ адзін від будзе пераадкрыты для навукі. Існуе яшчэ альтэрнатыўная гіпотэза, што гэтыя два віды насамрэч з’яўляюцца адным і дагэтуль існуюць некалькі ізаляваных адна ад адной папуляцый.
 

Пасля такога значнага для наувкі і аховы птушак назірання, кампанія Дэвіда - Rockjumper Birding Adventures скантактавалася з прадстаўнікамі BirdLife International і Royal Society for the Protection of Birds. У выніку каманда даследчыкаў здолела атрымаць генетычны матэрыял для параўнання з генатыпам, атрыманым са скурак жаўрука Эрчэра і сідамскага жаўрука.  Вынікі параўнання пакуль невядомыя, але ўжо цяпер зразумела, наколькі падобныя амаль выпадковыя назіранні могуць быць важнымі для навукі і лепшага пазнання распаўсюджання, памеру папуляцыі, таксанаміі, патрэбнасцяў у ахове і нават генетыкі такіх надзвычай рэдкіх птушак, як жаўрукі роду Heteromirafra.


Здымак з Rockjumper Birding Adventures
Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Новы від качурак адкрыты дзякуючы ўважлівасці бёдуотчараў

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Амерыканцы спадзяюцца знайсці эскімоскага кулёна


 

Comments