Канферэнцыя АПБ ў Брэсце – дарогу маладым!

Чарговая аб’яднаная канферэнцыя Заходне-Палескага рэгіянальнага і Брэсцкага абласнога аддзяленняў АПБ паспяхова адбылася ў памяшканні Абласнога краяведчага музею. Каля 30 прысутных не толькі ўдзельнічалі ў выбарах і давыбарах Саветаў абодвух аддзяленняў, заслухалі справаздачы, але і паглядзелі цікавыя прэзентацыі, а таксама выбралі найлепшыя здымкі, дасланыя на абласны фотаконкурс.

Выкарыстаны ў загалоўку слоган пра “дарогу маладым” як мага больш пасаваў не толькі абраным на наступныя тры гады сябрам Саветаў. Пераабранага Старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ Андрэя Абрамчука цяжка назваць “старым”, але яшчэ больш малады Алесь Страчук з Кобрыня стаў Старшынёй Заходне-Палескага аддзялення.

\

Да іх далучыліся абраны ў склад сяброў абодвух Саветаў Дзяніс Табуноў з Брэста і Юра Янкевіч з Маларыты, абраны ў склад Савета Заходне-Палескага рэгіянальнага таварыства. Каб надаць працы новаабраных Саветаў эфектыўнасці, у складзе і аднаго, і другога засталося па пяць чалавек.


Усе ўдзельнікі канферэнцыі маглі галасаваць наклейваннем паперак вызначанага колеру за найлепшыя здымкі ў трох катэгорыях: “Птушкі”, “Краявіды” і “Людзі і птушкі”. На жаль, інтрыгі не атрымалася, бо паперкі-галасы было бачна задоўга да афіцыйнага падвядзення вынікаў. Такім чынам і тут адзначылася моладзь: адразу ў двух катэгорыях найбольш галасоў атрымалі здымкі старшакласніка з Камянецкага раёна і пачынаючага фатографа Сяргея Андрушкевіча. Дарэчы, ён атрымаў з рук рэдактара нашага сайту адмысловы прыз – набор налепак з выявамі птушак як самы актыўны малады карыстальнік сайту.


Галасы прысутных падзяліліся пароўну паміж двума здымкамі ў катэгорыі “Птушкі  і людзі”, і Сяргей Андрушкевіч замест двух меншых прызоў атрымаў з рук арганізатара фотаконкурсу Вадзіма Пракапчука адзін, але вялікі фотаальбом з магнітнымі старонкамі (гл. верхні здымак).

 

Вынікі фатаконкурсу:

Здымак белай сініцы Дзяніса Кіцеля –пераможца ў катэгорыі “Птушкі”

 

Здымкі Сяргея Андрушкевіча і Дзьмітрыя Харковіча набралі аднолькава галасоў у катэгорыі “Людзі  і птушкі”:

 

 

Здымак “Начны салярый” Сяргея Андрушкевіча перамог у катэгорыі “Краявіды”:

Найбольш цікавай аказалася першая прэзентацыя - “Экспедыцыя ў краіну, дзе няма туманаў” Мікалая Чэркаса пра цікавыя моманты працы арнітолагаў у Казахстане, якая замест заяўленых у праграме 30 хвілін працягвалася без малага гадзіну і выклікала шматлікія пытанні:

Пасля абеду Сяргей Сідарук распавёў пра “Улікі вяртлявай чаротаўкі ў Брэсцкай вобласці”:

Вольга Лукшыц з Мінску  прывяла некаторыя асноўныя вынікі праекту АПБ у Івацэвіцкім раёне пад назвай "Акцыя для арлоў і людзей" :


 

Дзьмітры Вінчэўскі з Гродна распавёў пра паходжанне роду Тызенгаўзаў і асноўныя моманты з жыцця заснавальніка беларускай арніталогіі Графа Канстанціна Тызенгаўза (1786-1853), 225-годдзе якога мы сёлета адзначаем.
Пасля яго пра  “Птушак, якія ў мяне жылі” расказаў Алесь Страчук:


Скончылася навукова-папулярная частка канферэнцыі прэзентацыяй Алега Кальчанкі, які прывёў цікавыя моманты з дзейнасці захавальнікаў ТВП "Балота Званец".
 

Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by , здымкі аўтара
 

Comments

Хочется верить, что молодежь будет активно работать и не подведет предшественников - Андрей Викторович и Денис держали отделение (ЗП) на уровне, оно, Западно-Полесское, занимало передовые позиции. И если работа пойдет на спад, всё спишут на вновь прибывшую молодежь.. Поэтому хочется пожелать только серьезной работы, не пытаться недоработки свалить на занятость и ...работать, работать и работать. Не стесняйтесь спрашивать совета у старших. Удачи!

Алег, добрыя словы! Але хацелася б каб старэйшыя калегі і сябры дапамагалі маладым не толькі парадамі, але і справамі. Спадзяюся, што так яно і будзе. А памылак не робіць, як вядома, толькі той, хто нічога не робіць.