Гарадзкое асвятленне паскарае пачатак размнажэння чорных драздоў

Апошняе даследаванне паказала, што начное асвятленне ў гарадах дапамагае еўрапейскім чорным драздам (Turdus merula) быць гатовымі да гнездавання ажно за месяц да таго, як да яго будуць гатовыя чорныя дразды з лясоў.

Птушкі ў гарадах, на якіх дзейнічае больш святла з-за начнога асвятлення, маюць дастаткова развітую для размнажэння полавую сістэму ў сярэднім на 26 дзён раней, чым птушкі з кантрольнай групы.

Атрымліваецца, што ўрбанізацыя можа ўздзейнічаць на важныя фізіялагічныя паказчыкі вераб’іных птушак. І важную ролю ў гэтым іграе менавіта штучнае асвятленне, а не тэмпература, асадкі ды іншыя кліматычныя фактары.

Нямецкія навукоўцы з Max Planck Institute for Ornithology і ўніверсітэту Konstanz, дзякуючы мініятурным светлавым лоджэрам, прычэпленым да птушак, мералі колькасць святла, якое атрымліваюць 8 самцоў чорных драздоў у гарадзкіх умовах.

Давід Даміноні (Davide Dominoni) з інстытуту Макса Планка растлумачыў: "Мы адлапалі птушак з лоджэрамі ізноў прыкладна праз два тыдні. Для мэтаў нашага даследавання мы выкарыстоўвалі толькі дадзеныя пра асвятленне, запісаныя лоджэрамі ўначы.”

Пасля гэтага навукоўцы правялі эксперымент адпаведна з атрыманымі дадзенымі пра дадатковае начное асвятленне, але ўжо ў лабараторных умовах. Птушкі былі падзелены на дзве групы: першыя праводзілі ноч у цемнаце, а ў другой іх асвятлялі святлом з інтэнсіўнасцю каля 0,3 lux, - велічыня, эквівалентная дадатковаму начному асвятленню ў гарадах і вядомая дзякуючы лоджэрам.

Потым правяралася фізіялагічная гатоўнасць птушак да размнажэння. Рэгулярна мераліся памеры семеннікоў, узровень тэстастэрону ў крыві і інтэнсіўнасць і час спеваў штораніцы. Аказалася, што птушкі, якіх дадатакова асвятлялі ўначы, не толькі пачыналі свае ранішнія песні раней, але іх рэпрадуктыўная сістэма была гатова да размнажэння прыкладна за месяц да таго, як адпаведныя працэсы пачыналіся ў птушак з кантрольнай групы. Раней у іх адбывалася і лінька.

Сп-р Даміноні так пракаментаваў вынікі: "Хаця адзначаны намі эфект быў вельмі значным, да канца не зразумела якія кошты і выйгрышы гэта прыносіць птушкам, якія гатовы да гнездавання так рана ў сезоне. Тэарэтычна яны могуць займаць лепшыя гнездавыя тэрыторыі і павялічыць колькасць вывадкаў за адзін сезон, такім чынам павялічваючы колькасць сваіх патомкаў.

Аднак з-за таго, што размнажэнне і звязаныя з ім паводзіны патрабуюць вялікіх энергетычных коштаў так рана ў сезоне, яно можа негатыўна ўплываць на імуна-абарончыя і іншыя фізіялагічныя працэсы, асабліва ўзімку, калі харчовыя рэсурсы моцна абмежаваныя.”

Такім чынам даследаванне ўдзеяння светлавога забруджвання навакольнага асяроддзя на жыццё ў гарадах дзікіх жывёл пакуль толькі пачалося і не мае адказаў на ўсе пытанні.

Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Proceedings of the Royal Society B.

 

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак самца чорнага дразда Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

Гарадскія птушкі маюць карысць ад курыльшчыкаў

Чорныя дразды падвышаюць гук