Найлепшыя здымкі дзікай прыроды на выставе ў Лондане і он-лайн

   23 кастрычніка ў Музеі натуральнай гісторыі ў Лондане адкрылася штогадовая фотавыстава найлепшых анімалістычных здымкаў, якая будзе працаваць наступныя 6 месяцаў. З 1964г., калі ўпершыню быў абвешчаны конкурс на Лепшага фатографа жывой прыроды года (Wildlife Photographer of the Year Competition), абвешчаны BBC Wildlife Magazine, конкурс ператварыўся, напэўна, ў самы вялікі ў Свеце і адзін з самых цікавых. Не толькі з-за колькасці катэгорый, у якіх можна ўдзельнічаць, колькасці дасыланых на конкурс здымкаў і краін, з якіх удзельнічаюць фатографы. Але і на сапраўды высокую мастацкую якасць здымкаў і адлюстраваных у іх момантах.

   Пачалося ўсё 45 гадоў таму з трох намінацый і 600 дасланых работ. Праз 20 год, у 1984, да ВВС далучыўся Музей натуральнай гісторыі ў Лондане, які дагэтуль застаецца саарганізатарам спаборніцтваў і фотавыставы.
Цяпер намінацый ажно 18. Дзве галоўныя з іх – Фатограф дзікай прыроды года і Юны фатограф дзікай прыроды года падтрымліваюцца транснацыянальнай карпарацыяй Veolia, якая садзейнічае ўстойліваму развіццю па ўсяму Свету. Яна ж з’яўляецца афіцыйным спонсарам конкурсу. Іншы спонсар – вядомая сваёй оптыкай кампанія Leica.
У 2009г. у фотаконкурсе ўдзельнічала 43 тысячы здымкаў фатографаў з 94 краін.
Як пішуць арганізатары, прафесіяналы выйграюць шмат узнагарод, аднак аматары таксама маюць шмат шанцаў каб пазмагацца за перамогу. Таму што для таго, каб зрабіць выдатны здымак, патрэбныя здольнасці, ўласны погляд, веданне прыроды і ўдача.
Спецыяльна падабранае журы адбірае і ацэньвае здымкі. Найлепшыя з гэтага году (прыкладна палова іх – гэта выявы птушак) можна паглядзець тут:
http://www.nhm.ac.uk/visit-us/whats-on/temporary-exhibitions/wpy/onlineGallery.do 
Каля кожнага здымка прадстаўлена кароценькая гісторыя яго стварэння, а таксама оптыка і яе параметры, дзякуючы якім здымак быў зроблены.  

Намінацыі, або катэгорыі гэтага году, ў кожнай з якіх сапраўды ёсць на што паглядзець:
  Veolia Environnement Wildlife Photographer of the Year
  Veolia Environnement Young Wildlife Photographer of the Year 
   Спецыяльная ўзнагарода фонда Джэральда Даррэла за здымак знікаючых відаў (Gerald Durrell Award for Endangered Wildlife)
  Узнагарода “Адна Зямля” (One Earth Award)
  Паводзіны жывёл – Птушкі (Animal Behaviour: Birds)
  Паводзіны жывёл  - Звяры (Animal Behaviour: Mammals)
  Паводзіны жывёл – усе іншыя жывёлы (Animal Behaviour: All Other Animals)
  Падводны Свет (The Underwater World)
  Партрэты жывёл (Animal Portraits)
  Да вялікасці раслін (In Praise of Plants)
  Гарадзкая і сельская прырода (Urban and Garden Wildlife)
  Дзікая прырода – краявіды (Wild Places)
  Жывёлы ў сваім асяроддзі (Animals in their Environment)
  Чорна-белая Прырода (Nature in Black and White)
  Крэатыўныя погляды на Прыроду (Creative Visions of Nature)
  Юніёрскія здымкі:
  Да 10 гадоў
  11-14 гадоў
  15-17 гадоў
 

На здымку з www.nhm.ac.uk размах крылаў чырвонага каршуна

Паводле www.nhm.ac.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by